У Смаргоні з-за недахопу кіроўцаў сарвалася частка гарадскіх рэйсаў. Цяпер аўтобуснаму парку № 17 не хапае 14 супрацоўнікаў. Пра гэта піша раённая газета «Светлы шлях».

Гэтым летам аўтобусны парк сутыкнуўся з сур’ёзнымі цяжкасцямі. 18 чэрвеня ў горадзе адбыўся транспартны калапс: цэлы дзень многія аўтобусы не выйшлі на маршруты. Тады адміністрацыя філіяла прыносіла прабачэнні за сарваныя рэйсы і тлумачыла, што ім не хапае 23 кіроўцаў.

Таксама адзначалася, што знос аўтобуснага парку перавышае 67%. Гэта наўпрост уплывае на магчымасць забяспечваць надзейнае транспартнае абслугоўванне.

Штат на траціну не ўкамплектаваны

Зараз кадравы дэфіцыт захоўваецца. У ліпені адразу шэсць кіроўцаў пайшлі на бальнічны.

 — У штаце ёсць 35 кіроўцаў, але 14 месцаў застаюцца вакантнымі. Такая колькасць неабходна для поўнага закрыцця маршрутнай сеткі без перапрацовак у работнікаў, — паведаміў дырэктар аўтапарка № 17 Сяргей Субаткевіч.

Ён адзначыў, што нядаўна заробак кіроўцам паднялі на 15%. Работнікі атрымліваюць поўны сацпакет і працуюць па здзельнай сістэме. Гэта дае магчымасць зарабляць больш пры актыўнай працы.

Згодна з інфармацыяй, размешчанай на сайце дзяржаўнай службы занятасці, аўтобусны парк Смаргоні прапануе кіроўцам аўтобуса заробак у 1500 — 2000 рублёў на стаўку.

Аўтапарк абнаўляецца

Таксама, па словах кіраўніка, ідзе абнаўленне аўтапарка.

— Паўтара месяца таму мы атрымалі адзін новы аўтобус. Да канца года чакаем яшчэ чатыры. У наступным годзе плануем набыць шэсць новых адзінак транспарту, — сказаў Субаткевіч.

У Смаргоні аптымізуюць і маршрутную сетку. Нагрузка на розных накірунках нераўнамерная. Напрыклад, у мікрараён Карэні ў пэўныя гадзіны тры аўтобусы ідуць з інтэрвалам у 5 хвілін, але запаўняюцца па-рознаму.

— У гэтым кірунку трэба працаваць больш дэталёва. Размова не ідзе пра скарачэнне маршрутаў. Плануецца толькі карэкціроўка колькасці рэйсаў для больш рацыянальнага выкарыстання транспарту, — падкрэсліў дырэктар.