Вулічным музыкам забаранілі выступаць у цэнтральных дворыках Гродна. Пад забарону таксама патрапіла гучная музыка з калонак і дыджэй-сэты. Пра гэта напісалі адразу тры мясцовых жыхара. У сацсетках гараджане абураюцца – гродзенцы лічаць, што забарона пазбавіла горад візітнай карткі.

Карыстальніца пад нікам ЧикаЧика адзначае, што цяпер у Гродне цішыня. “Цяпер у дворыках не будзе музыкі, таму што адмянілі ўсе гэтыя мерапрыемствы і гучную музыку – чыста фонам”. 

Відэа аб забароне выступленняў апублікаваў і гродзенец bogislavovich. Гараджанін расказвае, што рашэнне яго засмуціла. «Як па мне, тэматычныя дворыкі – гэта візітная картка нашага горада. Дворык на Маставой – крутое месца, бар “Пятніца”, Templ, “Урбаніст”, “Мята”. Заўсёды куча-куча народа па выходных. Б*ць, нейкага х*я ўсё ўзялі забаранілі», – распавёў bogislavovich.

Музыкі ў дворыках Гродна больш не будзе – чаму?

Гродзенцы выказалі меркаванні, чаму выступы забаранілі.

«Музыкам плацілі толькі з рэстыка «Одессы». Punk-roll і іншая ўстанова, не памятаю назву, не скідваліся грашыма. Таму «Одесса» вырашыла, што ім не выгадна – людзі сядзяць ва ўсіх установах, а плацяць толькі яны», — пишет leraarbuzik0

Па сцвярджэннях кавер-бэнда One Day, выступы забаранілі з іншай прычыны. “Мы б і за сімвалічную плату гатовы, але не ў гэтым справа… Бабулі і дзядулі напісалі скаргу, сумна ім стала”.

У Threads гродзенка Таццяна мяркуе: музыкі няма з-за таго, што “ў адным з бараў перавысілі дэцыбелы”. Гараджанка не разумее, “чаму пакаралі ўсіх, а не толькі гэтую ўстанову”.

Гродзенцы: «У дворыках цяпер усё вельмі тухла»

У каментарах меркаванні гродзенцаў наконт забароны падзяліліся. Адны лічаць, што цішыня патрэбная жыхарам бліжэйшых дамоў. Іншыя засмучаныя – цяпер моладзі будзе няма дзе адпачываць.

«Усё правільна зрабілі. Людзі хочуць у сваіх кватэрах адпачываць, а не слухаць музыку пад вокнамі. Забаўляйцеся так, каб нікому не замінаць», — піша Людмила

«І арэлі знялі. Дворык з музыкай да 23:00, у чым праблема была, навошта забараняць. Я ў шоку», — адзначае К

«Там (у дворыку Маставой — Hrodna.life) проста грае музыка, а не дыджэй з тусоўкамі. Цяпер усё вельмі тухла, сама там працую», – распавядае aggrieved__

«Так, у “Одессе” ўжо ціха, вельмі шкада. І так, я бабка і жыву ў цэнтры – мне ўсё вельмі падабаецца і не перашкаджае», – дзеліцца Мята

Супрацьстаянне паміж установамі і мясцовымі ўладамі цягнецца ўжо некалькі год. Так, улетку 2020 бар Cuba закрываўся з-за скаргаў на шум – установу абавязалі працаваць да 23:00.

У 2022 годзе на Маставой забаранілі ужываць алкаголь – рашэнне прыняла адміністрацыя будынка.

Чытайце таксама: Чыноўнікі патлумачылі, чаму музыкі больш не выступаюць у цэнтральных дворыках Гродна