Карыстальніца Threads паскардзілася, што ў крамах Гомеля немагчыма знайсці дзіцячую сумесь «Беллакт Гипоаллергенный Active 1», прызначаную для кармлення дзяцей да 6 месяцаў з рызыкай развіцця алергіі. Пазней высвятлілася, што тая ж сітуацыя — у Гродне.

«Аб'ехала ўвесь Гомель — нідзе няма патрэбнай сумесі», — напісала маладая мама.

«Мы таксама паўтары гадзіны ездзілі па Гродне, знайшлі толькі адзін пачак — выпадкова, на іншым канцы горада», — дадала іншая карыстальніца.

Дзяўчына патэлефанавала на завод «Беллакт». Там ёй распавялі, што на прадпрыемстве сумесі няма. Яе зноў пачнуць вырабляць з 13 жніўня. У крамах прадукт павінен з’явіцца праз некалькі дзён пасля запуску лініі.

«Я ў шоку, апошнія 10 пачкаў забрала ў „Дзіцячым свеце“, і цяпер зноў няма. Хутчэй за ўсё, на складзе ў крамах рэшткі будуць, пытанне толькі — калі гэта з’явіцца на прылаўку. Спадзяюся, хоць новую партыю паспеюць запусціць», — напісала ў ветцы аўтарка паста.

«Знайшлі толькі адзін пачак — выпадкова». У Гродне (і не толькі) знікла дзіцячая іпаалергенная сумесь «Беллакт Active 1»
Сумесі, якія ёсць на сайце. Фота: скрыншот з відэа

Тым часам, па словах каментатараў, іншыя бацькі таксама шукаюць сумесь у чатах і просяць дапамогі ў знаёмых.

У Мінску, па паведамленнях карыстальнікаў, «Беллакт Гипоаллергенный Active 1» яшчэ можна было знайсці. Некаторыя прапаноўвалі дзяўчыне купіць у сталіцы сумесь і перадаць ёй у абласны цэнтр.

На сайце вытворцы дадзенай сумесі для дзяцей да 6 месяцаў няма ў продажы. У наяўнасці — толькі гіпаалергенныя прадукты для дзяцей ад 6 месяцаў і ад года.

Дарэчы, на самім прадпрыемстве раяць пераходзіць на іншую сумесь паступова, каб даць час страўнікава-кішачным тракту дзіцяці прывыкнуць да новага харчавання. Пры гэтым можа быць сітуацыя, калі новае харчаванне не падыходзіць дзіцю і ў яго могуць быць, напрыклад, ваніты, дыярэя, болі ў жываце, млявасць, сып, раздражненне скуры, а таксама страта вагі або праблемы з наборам яе.

У такім выпадку, спецыялісты раяць звяртацца да лекара, таму што, хутчэй за ўсё, новы прадукт не падыходзіць і трэба зноўку падбіраць новую сумесь.