Супрацоўніца «Гродна Плюс» Вераніка Цыганок падзялілася ў Threads, што 20% працаздольнага насельніцтва Гродна не працуе, значыць, не плаціць падаткі. Яна пацікавілася, за чый кошт яны карыстаюцца «сацыяльнымі выгодамі».
UPD 13.30. Вераніка выдаліла пост у Threads, але мы яго заскрынілі.
Вераніка Цыганок — аўтар і карэспандэнт на «Гродна Плюс», начальнік інтэрнэт-аддзела. «Жанглірую словамі🗣️ ведаю ўсё пра чыноўнікаў😎», — напісала яна ў сябе ў Instagram.
«Планёрка ў мэра Гродна. Тэма: занятасць насельніцтва. Больш за 20% працаздольнага насельніцтва горада „не працуюць“. А значыць і не плацяць падаткі. Пытанне: за чый кошт яны карыстаюцца ўсімі сацыяльнымі выгодамі?» — задалася пытаннем Вераніка.
Пост сабраў 58 каментароў за суткі. З іх — ніводнага, які падтрымлівае прапагандыстку. Карыстальнікі ўдакладняюць, што ў Беларусі няма мэраў — ёсць старшыні гарвыканкама, а праца — гэта права, а не абавязак.
«Эээ. так сацыяльныя выгоды для дармаедаў поўным коштам. А таксама яны ўдзельнічаюць у эканоміцы купляючы прадукты, тавары і тым самым плацячы падаткі. Зноў жа, калі чалавек ударна працаваў гадоў 10−15, зарабіў сабе на жыццё і пайшоў адпачываць. Ён жыве за свой кошт, на свае назапашвання, з якіх ён ужо заплаціў падаткі. А калі ён працаваў у іншай краіне, дык ён яшчэ і грошай у Беларусь прывёз».
«Чо за даброты? Калі нейкі муж працуе і хоча, каб жонка займалася домам і дзецьмі, то гэтыя дзядзькі ёй забароняць хадзіць у паліклініку? Так муж за дваіх падаткі заплаціў».
«Дзяўчына, падаткі плацяць усе. Нават бамжы, аплачваючы алкаголь. Справа ў тым, што непрацуючы чалавек не плаціць падаходны падатак (але той, хто яго ўтрымлівае кампенсуе гэта сваім падаходным падаткам). Але аплачваючы любы тавар ці паслугу, вы плаціце ПДВ (асноўнае паступленне ў бюджэт), а набываючы алкаголь, тытунёвыя вырабы і інш., вы плаціце яшчэ і акцызы. Маёмасны плацёж (на транспартныя сродкі і нерухомасць). Так што падаткі плацяць усе».
«20% працаздольнага насельніцтва імігравала або ездзіць на зарабаткі ў Польшчу. Жыву ў Польшчы пашпарт ПП не афармляў у Беларусі лічуся не працуючым, назіраю як былыя суседзі для таго каб выжыць у Беларусі ўжо гадоў 10 ездзяць на заробкі ў Польшчу яны таксама лічацца не працуючымі».

Некаторыя раней існуючыя каментары зніклі - напрыклад, дзе дзяўчыну называюць «не журналісткай, а дурніцай». Невядома, іх выдалілі карыстальнікі або аўтарка паста.
Хто мае рацыю?
Сацыяльныя выгоды — гэта матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці, якія дзяржава або грамадства дае грамадзянам для задавальнення іх жыццёвых патрэбаў. Напрыклад, ахова здароўя, адукацыя, сацабарона. Права на сацыяльныя выгоды замацавана ў Канстытуцыі.
Гэта значыць, напрыклад, у паліклініцы вы абавязаны паказаць беларускую рэгістрацыю. А самі працэдуры фінансуюцца з дзяржбюджэту.