Гродзенку Таццяну збянтэжыў пешаходны пераход па праспекце Кляцкова, які ўпіраецца ў агароджу. Гараджанка пацікавілася, як у такім выпадку пераходзіць дарогу, каб не парушыць ПДР. Адказ падрыхтаваў «АвтоГродно». 

«Вось пераходзім дарогу – стаіць плот. Куды ісці? Праз плот пералазіць?», – пытаецца Таццяна.

"Зебру" на Кляцкова перагарадзілі плотам. У ДАІ патлумачылі, што рабіць
Пешаходны пераход на Кляцкова. Фота: “АвтоГродно”

Сам пераход не суцэльны – ён перарываецца зялёным астраўком. Калі прыбраць тую частку зебры, якая ўпіраецца ў плот, то пешаход «затрымаецца» пасярод дарогі.

У ДАІ Гродна адказалі, што на гэтым участку дарогі захавалася няправільная разметка. Пераход перамясцілі, а зебру перамаляваць не паспелі. «Яна (разметка — Hrodna.life) павінна ссунуцца лявей, каб не ўпірацца ў плот. Пераход тут патрэбен не наўскос, а роўна», – адзначылі ў ДАІ.

Разметку мянялі, каб паменшыць даўжыню пераходу і палепшыць бачнасць для пешаходаў і вадзіцеляў.

Каб не парушыць ПДР і не атрымаць штраф, ДАІ раіць пры пераходзе дарогі кіравацца дарожнымі знакамі. У ведамстве дадалі, што разметку выправяць у найбліжэйшы час.

Чытайце таксама: «Стаміўся пераскокваць сабачак і дзетак». Веласіпедысты не могуць дамовіцца з пешаходамі ў Пышках