Замежнага студэнта асудзілі на два гады калоніі за садзейнічанне незаконнай міграцыі. Яго абвінавацілі ў тым, што ён дапамог пяці мігрантам трапіць праз Беларусь у ЕС.
36-гадовы замежнік прыехаў у Беларусь, каб вучыцца ў ВНУ. Па інфармацыі пракуратуры, замест гэтага ён правёў пяць замежнікаў у краіны ЕС. Такім чынам ён «садзейнічаў незаконнаму транзітнаму праезду замежнікаў праз Беларусь». Дзейнічаў «з групай асоб па папярэдняй змове».
На судзе замежнік прызнаў віну часткова. Паводле яго слоў, ён паведамляў іншым праваджальнікам месца, куды павінны прыбыць мігранты. Людзей у бок мяжы ЕС ён не суправаджаў. За паслугі яму таксама абяцалі перапраўку за мяжу.
Суд Лідскага раёна прызнаў замежніка вінаватым па артыкуле 371−1 ч.1 КК (арганізацыя незаконнай міграцыі) і прызначыў два гады калоніі агульнага рэжыму.
Прыгавор у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны.
Як Беларусь становіцца транзітам на шляху да краін ЕС?
У 2024 годзе рэдакцыя Hrodna.life аналізавала інфармацыю польскіх актывістаў, якія дапамагалі мігрантам на мяжы. Згодна з ёй, праз Беларусь едуць у асноўным мігранты з Сірыі і Йемена. У краіну людзі трапляюць з Расіі па кароткатэрміновых візах. Польскі бок, як правіла, адпраўляе людзей назад у Беларусь.
Пры гэтым легалізавацца ў Беларусі грамадзянам гэтых краінаў вельмі складана. Паход у міграцыйны офіс можа скончыцца арыштам і дэпартацыяй. Часта максімальны тэрмін легальнага прабывання, на які могуць разлічваць замежнікі - восем месяцаў.
Чытайце таксама: Беларус 8 гадоў даводзіў, што мае права на ВНЖ у Нямеччыне. Даказаў, але ўсё роўна атрымаць не змог — і раптам усё вырашылася