Праверкі і допыты на мяжы Беларусі і краін Еўраcаюза працягваюцца, паведамляюць карыстальнікі прымежных чатаў. Hrodna.life вывучыў, якой была абстаноўка на мяжы з 18 па 25 ліпеня.

З Беларусі ў Польшчу: падсесці ў аўтобус можна за 150 руб

Беларусы паведамлялі, што хуткасць руху чаргі залежыць ад рэнтгена польскіх мытнікаў.

«Мы пасля пашпартнага яшчэ паўгадзіны аўтобус з рэнтгена чакалі, па сутнасці ад яго і чарга залежыць», — пісала Katerina.

Цікавіла беларусаў і магчымасць падсаджвання ў аўтобус перад шлагбаўмам. У чатах адзначалі, што вольныя месцы ёсць. Але кошт паслугі вар'іраваўся ад 50 руб. да € 40 (153 руб.).

Пры гэтым перасадка з аднаго аўтобуса «Мінсктранс» у іншы — бясплатная, калі ў пасажыра ёсць дзейны білет, а ў аўтобусе — вольныя месцы.

У сярэднім праходжанне мяжы з Беларусі ў Польшчу займала ад 8 да 10 гадзін. Але карыстальніца Inna паведаміла, што стаяла на мяжы 17,5 гадзін — больш за ўсё часу пайшло на беларускім баку. Польскі памежны кантроль жанчына прайшла за гадзіну.

З Польшчы ў Беларусь: сумкі правяралі ўручную

У сваю чаргу час праходжання беларускай мяжы зацягнуўся з-за таго, што зламаўся сканер для праверкі валізак.

«Адзін чалавек на мытні выварочвае ўсе торбы і валізкі. Квэст яшчэ той», — пісала Крицкая Екатерина.

«Дзве гадзіны стаяла 50 чалавек у маленькай прасторы мытні, бо не працаваў сканер і працаваў адзін чувак, які правяраў кожную торбу ўручную. Народ вельмі абураўся, але дапамагло мала», — падзялілася Та6а.

Беларусь—Літва: праходжанне мяжы заняло амаль 18 гадзін

Праходжанне беларуска-літоўскай мяжы на мінулым тыдні ў сярэднім займала ад 2 да 10 гадзін, паведамляюць у чатах. Аднак некаторым аўтобусам прыйшлося стаяць і па 16 гадзін — карыстальнікі пішуць, што самыя працяглыя праверкі былі на беларускім баку.

«Восем гадзін на літоўскай і восем гадзін на беларускай — там правяралі ўсё», — дзеліцца Милалина.

Дапытваюць і беларусаў, і замежнікаў

Пісалі пасажыры і аб праверках на беларускай мяжы. У першую чаргу на размовы выклікаюць украінцаў, беларусаў - радзей.

«Затрымаліся з-за ўкраінцаў у аўтобусе», — распавяла Teacher.

«Ехаў наш аўтобус без украінцаў і перад намі з украінцамі, мы выехалі раней з мяжы. У тым аўтобусе людзі праходзілі „фільтрацыю“ паводле іх словаў — ім рабілі поўны дагляд валізак і яны яшчэ пасля нас стаялі. Гэта знатна затрымлівае ўсю чаргу», — піша Katsia.

«У нашым аўтобусе ехалі і немцы, і ўкраінцы. Дагляд быў ва ўсіх. І двух беларусаў таксама паклікалі на допыт, яшчэ і аўтобус на рэнтген», — дзеліцца Евгения.

Чытайце таксама: Гродзенскі перавозчык запусціў новы аўтобус з Ліды ў Вільнюс