Прыватны дом сям'і з Гродна ідзе пад знос — на яго месцы пабудуюць шматкватэрны дом. Гродзенцы былі незадаволеныя ўмовамі кампенсацыі і звярнуліся ў суд. Будаўнічая фірма падала зваротны пазоў. Суд Кастрычніцкага раёна Гродна разгледзеў справу.
Меркавана, суд разглядаў справу Вальдэмара і Яніны Краўцэвічаў - сям’я жыве ў двухпавярховым прыватным доме на Савецкіх Пагранічнікаў. Побач з домам узводзяць шматпавярхоўкі ЖК «Купальскі». Каб працягнуць будаўніцтва, фірма мусіць знесці прыватную забудову, у тым ліку і дом Краўцэвічаў.

Забудоўшчык паабяцаў кампенсаваць усе нязручнасці і прапанаваў сям'і дзве кватэры — на Фолюшы і Кляцкова. Агульная плошча прапанаваных кватэр — 128 кв.м., а плошча іх дома на Савецкіх Пагранічнікаў - 181 кв.м. Разыходжанне ў больш чым 50 кв.м. стала галоўнай прычынай, з-за якой бакі не змаглі дамовіцца і падалі заявы ў суд.
Сям’я адмовілася высяляцца і патрабавала кампенсацыю
Суд разгледзеў пазоў ад фірмы да гродзенцаў «аб высяленні з жылога памяшкання, спыненні права ўласнасці на яго, рэгістрацыі спынення права ўласнасці».
Ад добраахвотнага высялення сям’я адмовілася. Гродзенцы хацелі, каб у якасьці кампэнсацыі плошчы, якой не хапала, ім прадаставілі трэцюю кватэру.
У судзе бакі заключылі міравое пагадненне. Згодна з ім, гродзенцы адмовяцца ад правоў на дом і зямлю, а таксама перададуць дакументы забудоўшчыку, паведамілі ў прэс-службе суда.
Узамен сям'і выплацяць грашовую кампенсацыю — $ 39,5 тыс. Сярэдні кошт квадратнага метра ў Гродне на ліпень 2025 — $ 826. Такім чынам, кватэра плошчай 50 кв. абыдзецца прыкладна ў $ 41,3 тыс.
Пасля атрымання выплаты жыхары абавязаны вызваліць дом і зняцца з рэгістрацыі.
Для новага ЖК знясуць 16 прыватных дамоў
Будаўніцтва ЖК «Купальскі» па суседстве з домам Краўцэвічаў пачалося ў жніўні 2022 года. Тады для ўзвядзення шматпавярховак мінская кампанія «Айранінвестпраект» знесла прыватны сектар.
У рамках чарговага будаўнічага праекту кампанія планавала ўзвесці 8-секцыйны жылы комплекс пераменнай паверхавасці. Ён павінен з’явіцца ў межах вуліц Савецкіх Пагранічнікаў - Манюшкі - Нямцэвіча — Сыракомлі. Згодна з праектам забудоўшчыка, 16 прыватных дамоў у межах гэтых вуліц знясуць.
Калі ўлетку 2023 года ўчастак пад забудову выставілі на продаж, шматлікія жыхары прыватных дамоў гэтаму не ўзрадваліся. Гродзенцы пражывалі ў гэтых дамах дзесяцігоддзямі.
Чытайце таксама: Гродзенцы судзяцца з мінскім забудоўшчыкам: незадаволеныя кампенсацыяй за знос прыватнага дома