Выстава, прысвечаная Нёману, адкрылася 17 ліпеня ў Гродзенскай абласной бібліятэцы. У экспазіцыю ўвайшло больш за 400 экспанатаў.

На выставе прадстаўлены здымкі Гродна мінулых стагоддзяў – па іх можна ўбачыць, як мяняўся горад і берагі ракі. Таксама пакажуць фатаграфіі пляжнага адпачынку гродзенцаў.

Увайшлі ў экспазіцыю старажытныя кнігі, прадукцыя прадпрыемстваў з маркай “Нёман” (шклозавод, абутковая фабрыка, спортклубы і санаторыі). Ёсць і экспанаты часоў СССР: вазы, духі, абутак і часопісы “Нёман”.

Асобны блок у выставе займае гісторыя авіяпалка “Нармандыя-Нёман”, які ваяваў у Другой сусветнай вайне.

Выстава праходзіць у абласной бібліятэцы Карскага на вул. Карбышава, 17. Экспазіцыя будзе працаваць да 20 кастрычніка.

Чытайце таксама: «Свята мора» пройдзе на Аўгустоўскім канале. Што ў праграме?