У Мастах Гродзенскай вобласці прадаюць 1/12 доля ў праве ўласнасці на жылы дом, якім валодае ў тым ліку Юлія Сліўко, піша Telegram-канал «Право имеют».

Дом плошчай 42, 6 м² знаходзіцца па вул.Пралетарская, 69 у Мастах.

У дома ёсць абцяжаранні - забарона на здзяйсненне рэгістрацыйных дзеянняў, арышт 1/12 долі, зарэгістраванай за грамадзянкай Сліўко Юліяй Мікалаеўнай. Гэта значыць, што нельга прадаць, падарыць, абмяняць, перадаць у заклад долю, на якую наклалі забарону.

Дом прадаюць на пляцоўцы «БелЮрЗабяспечэнне». Судовы выканаўца — Шумель Аляксандр Юр’евіч.

Дом Юлии Сливко.
Дом Юліі Сліўко. Фота: e-auction.by

З аўкцыёну ўжо прадалі аўтамабіль Ежы Грыгенчы.

Хто такая Юлія Сліўко

Юлія Сліўко стала кіраўніком стачкама на прадпрыемстве «Гроднапрамбуд» у жніўні 2020 года. З’ехала ў Варшаву пасля пагроз ёй і непаўналетняму сыну. Там змяніла дзейнасць і стала займацца манікюрам. На яе блізкіх у Беларусі ціснулі. Гродзенцы прапаноўвалі вярнуцца ў Беларусь і адседзець «хатнюю хімію». Праз пагрозы яна сышла з арганізацыі «Беларусы Варшавы».

Бабулін дом у Мастах пабудаваны на зямлі, якая належала Юлінаму прадзеду, распавядала Юлія Hrodna.life. Юлія яго «ўсё жыццё» рамантавала — звонку і ўнутры. Туды правялі ваду, каналізацыю, змянілі вокны з драўляных на пластыкавыя. «Гэта ўсё — гэта не проста грошы, гэта частка тваёй душы і сэрца. Гэта не ацэньваецца грашыма», — казала яна.