Гродзенскі кансервавы завод стаў часткай ваўкавыскага прадпрыемства «Беллакт» пасля ўліванняў у яго. З 2018 «Беллакт» фактычна кіраваў ім. У 2023 годзе кансервавы завод працаваў на страту, у 2024 выйшаў на чысты прыбытак у 33 тыс. руб. Hrodna.life папрасіў эканамістку даследчага цэнтра BEROC Анастасію Лузгіну патлумачыць, як аб’яднанне паўплывае на прадпрыемствы.

«Беллакт» закрываў фінансавыя пытанні гродзенскага прадпрыемства. З 2018 года кампанія кіравала заводам, закрывала даўгі і аднаўляла сувязі з гандлёвымі сеткамі. У ліпені 2024 кампанія падпісала дамову арэнды маёмасці з «Беллактам». Далучыць гродзенскую фірму да прадпрыемства ў Ваўкавыску вырашылі на пазачарговым сходзе акцыянераў, паведамляе Officelife.media.

Анастасія Лузгіна адзначае, што рашэнне аб аб’яднанні не было імгненным — зліццё адбывалася цягам некалькіх гадоў:

«Наколькі я разумею, гэта стратэгічныя дзеянні з боку „Беллакта“. Інвестыцыі ў гродзенскі завод з 2018 года — гэта ў тым ліку пашырэнне ўласных магутнасцей і вытворчасцей. А для апошняга гэта магчымасць атрымаць фінансаванне і працаваць з прыбыткам».

Як зліццё паўплывае на гродзенскі завод?

На думку Лузгіной, без фінансавых уліванняў ад «Беллакта» выйсці ў прыбытак у 2024 годзе заводу было б няпроста.

«У Беларусі часта выкарыстоўваецца схема, калі прыбытковае прадпрыемства бярэ шэфства над стратным. У сельскай гаспадарцы гэта даходзіла да таго, што імі курыравалі банкі. Гэта зусім розныя сферы, тым не менш такое здаралася. Калі сферы больш роднасныя, у дадзеным выпадку „Беллакт“ і кансервавы завод — такая кансалідацыя можа прывесці да станоўчага выніку».

Зліццё заводаў - нармальны працэс, калі гаворка ідзе аб бізнэсе

Экспертка дадае: зліццё прадпрыемстваў - нармальны працэс у эканоміцы. Але ёсць розніца — адбываецца гэта дзякуючы бізнес-партнёрству або пратэкцыі дзяржавы.

«Звычайна гэта адбываецца, калі бізнэс бачыць перспектывы ў набыцці кампаніі - тады адбываецца зліццё або паглынанне ў залежнасці ад здзелкі. Але тут адна дзяржаўная кампанія набывае іншую. Таму ёсць пытанне, ці адбылося б зліццё, калі гаворка ішла толькі аб бізнэсе і прыбытковасці абодвух прадпрыемстваў. Верагодна, тут прысутнічае дзяржаўны ўплыў, каб захаваць працу гродзенскага завода».

Чытайце таксама: З-за санкцый «Гродзенскі шклозавод» не змог разлічыцца з пастаўшчыкамі. Дзяржава дапамагла дзясяткамі мільёнаў бюджэтных грошай