УУС Гродзенскага аблвыканкама прэзентавала чат-бот у Telegram, з дапамогай якога можна праверыць, ці не рызыкуеце вы аддаць грошы ашуканцам. Таксама бот можа праверыць, ці не адбылася ўцечка вашага пароля ад электроннай пошты. Hrodna.life паглядзеў, як працуе бот, і зразумеў, што з ім не так.
З дапамогай бота можна праверыць:
- ці не належыць крама ў Instagram ці Telegram махлярам, якія пры куплі прысвояць грошы, але не вышлюць тавар. Для гэтага трэба ўвесці ў бот юзернейм акаўнта.
- інфармацыю пра назву банка, які выпусціў картку, і краіну выпуску. Для гэтага спатрэбяцца першыя 6−8 лічбаў банкаўскай карткі. Так можна праверыць картку, на якую вас просяць перавесці грошы. Гэта дапаможа выявіць махляроў, якія выкарыстоўваюць замежныя рахункі.
- наколькі электронная пошта абаронена ад узлому, ці не трапілі лагін і пароль ва ўцечкі.
Таксама ў чат-боце ёсць спасылка на прафілактычныя матэрыялы, размешчаныя на Яндэкс Дыску.
Як гэта працуе, і ці можна абысціся без бота
Пры запуску чат-бот прапануе на выбар праверку інфармацыі або знаёмства з прафілактычнымі матэрыяламі. Для праверкі інфармацыі бот перадае яе спецыялізаваным знешнім сэрвісам і атрымлівае адказы.


Звесткі аб добранадзейнасці Instagram і Telegram акаўнтаў базуюцца на зваротах у міліцыю ўжо падманутых раней людзей. Ва УУС прызнаюць, што адсутнасць інфармацыі па ўліковым запісе ў базах дадзеных не дае 100% гарантыі таго, што з ім усё ў парадку. Акрамя таго, карыстальнік не можа ведаць, якім чынам ствараюцца гэтыя базы, і наколькі яны актуальныя.
Уцечкі пароляў і акаўнтаў e-mail бот правярае з дапамогай сэрвісу LeakCheck. Пры гэтым карыстальніку не тлумачаць, у чым сутнасць «зліву», наколькі вялікая небяспека і якога яна роду. Праверыць такім чынам e-mail можна і самастойна, без уводу сваёй пошты ў бот УУС. Сэрвіс LeakCheck паказвае крыніцу ўцечкі (сайт) і год і месяц апошняй уцечкі, а таксама пералічвае адчувальныя (слабаабароненыя) дадзеныя.
Краіну паходжання банкаўскай карткі па нумары чат-бот вызначае правільна.
Цікава, што падобны сэрвіс у выглядзе чат-бота ад барысаўскай міліцыі прэзентавалі ў студзені 2025 года. На дадзены момант знайсці яго не ўдалося.
Чытайце таксама: Што рабіць, калі ўкралі веласіпед? Расказалі ў гродзенскай міліцыі