Пракуратура Гродзенскай вобласці праверыла органы апякунства і папячыцельства, і знайшла шмат парушэнняў. Пакараюць 17 службовых асоб.
Пры праверцы выявілася, што некаторым людзям суд яшчэ ў 2023 годзе прызначыў абмежаванне дзеяздольнасці, але апекуноў ім так і не надалі — нават праз больш чым два гады.
Таксама абмежаваныя ў дзеяздольнасці людзі разводзіліся са сваімі мужамі ці жонкамі, якія і былі іх апекунамі, і распараджаліся грашыма самастойна. Апека ніяк на гэта не рэагавала.
Чыноўнікі таксама не сачылі за ўмовамі жыцця падапечных. У дамах адсутнічалі пажарныя апавяшчальнікі, выкарыстоўваліся печы ў аварыйным стане. Кантрольныя візіты праводзілі нерэгулярна.
У адным з выпадкаў апеку над недзеяздольным чалавекам атрымала яго маці, якая шмат гадоў стаіць на ўліку ў наркалога. У яе хранічны алкагалізм. Па законе, у такой сітуацыі яна не можа быць апекуном. Аднак апека не спяшалася што-небудзь мяняць — рашэнне аб адхіленні райвыканкам прыняў толькі ў 2025 годзе.
Акрамя таго, органы апякунства не кантралявалі маёмасць падапечных. У некаторых справах не было нават спісу таго, што чалавеку належыць. Грошы траціліся без разбору: у справаздачы ўключалі аплату камунальных паслуг за жыллё, якім недзеяздольныя не валодалі.
Па меркаванні пракуратуры, усё гэта кажа пра слабую і неэфектыўную працу апекі. Пракуратура накіравала 12 афіцыйных прадстаўленняў, у тым ліку ў аблвыканкам. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі 17 службовых асоб.
Чытайце таксама: У Гродне каледж падмануў сірату — давялося ўмяшацца пракуратуры