Гісторыя Беларусі ў Беларусі — усё? Як будуць праходзіць цэнтралізаваныя экзамены і цэнтралізаванае тэсціраванне па гісторыі пасля адмены асобнага прадмета «Гісторыя Беларусі»? Аб тым, што адказалі ў Міністэрстве адукацыі, расказаў рэпетытар Улад Рэўтовіч на сваім канале history.kedr.
Улад — выкладчык гісторыі і адзін з самых медыйных рэпетытараў Беларусі. Каб зразумець, як фармаваць праграму навучання на наступны год, ён звярнуўся ў Міністэрства адукацыі да кансультанткі аддзела па вышэйшай адукацыі Наталлі Жытнікавай. Вось што яму адказалі.
Афіцыйна: што цяпер будуць здаваць пры паступленні?
- Выпускнікі 2026 года ў абавязковым парадку будуць здаваць «Гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» на ўсе кірункі, дзе раней здавалі «Гісторыю Беларусі».
- Экзамен будзе здавацца паводле праграмы 10−11 класа — па двух падручніках.
Гэта значыць, што тыя школьнікі, якія цяпер пераходзяць у 11 клас і плануюць паступаць у МДЛУ, на юрыдычны факультэт ці іншыя спецыяльнасці, дзе раней здавалі «Гісторыю Беларусі», будуць здаваць замест яе новы прадмет — «Гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі».
Як быць выпускнікам-2025?
Выпускнікі 2025 года ў 2026 годзе ўсё яшчэ змогуць паступіць з сертыфікатам па «Гісторыі Беларусі». Менавіта таму ў планах прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы пакуль пішуць «Гісторыя Беларусі» або «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі», патлумачыў Улад. Калі скончыцца тэрмін дзеяння гэтых сертыфікатаў (два гады), у планах будуць пісаць толькі «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі».
Чаму так стала і як рыхтавацца?
З 2024/2025 навучальнага года з школьнай праграмы зніклі прадметы «Гісторыя Беларусі» і «Сусветная гісторыя». Замест іх у 10−11 класаў з’явіўся новы інтэграваны курс — «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі». З новага навучальнага года гэты прадмет можна будзе вывучаць у старэйшых класах на павышаным узроўні.
Базы і матэрыялаў для самастойнай падрыхтоўкі па новым прадмеце няма, папярэджвае Улад Рэўтовіч. «Ваш лёс у руках выкладчыкаў і рэпетытараў». Тым не менш Hrodna.life ўдалося знайсці тэматычны трэнажор для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ) і цэнтралізаванага тэставання (ЦТ) «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі: ад старажытных часоў і да канца XVIII стагоддзя. 10 клас», а таксама апорныя канспекты да новага вучэбнага дапаможніка за 10 клас. Абодва выданні ад выдавецтва «Экаперспектыва».
Два ЦЭ, абавязковыя для ўсіх выпускнікоў, увялі з 2023 года. Яны замянілі папярэднія выпускныя экзамены ў школе і ЦТ для паступлення ва ўніверсітэт. Адзін з ЦЭ — па дзяржаўнай мове (беларуская або руская на выбар), другі - профільны прадмет у залежнасці ад патрабаванняў жаданага ВНУ. Тым, хто не выпускаецца, але паступае ва ўніверсітэт, трэба здаваць толькі ЦТ.
Што думаюць самі школьнікі?
Меркаванні адносна таго, ці стане прасцей, у каментарыях да відэа падзяліліся. Некаторыя лічаць, што прасцей здаць «Гісторыю Беларусі», іншыя ж з імі спрачаюцца. Таксама школьнікаў хвалюе магчымая русіфікацыя прадмета.
«Зразумелая рэч, што гэта сусветная гісторыя гэта па сутнасці будзе гісторыя расіі», — напісаў адзін з каментатараў. Прадмет замянілі па патрабаванні Расіі, каб праграма менш арыентавалася на беларускую нацыянальную культуру і самасвядомасць, лічыць ён.
«Толькі што прагледзела падручнік 10-га класа, і насамрэч лягчэй зрабілі, яны аб’ядналі сусветную і ГБ (гісторыя Беларусі - Hrodna.life), ды ГБ і сусветнай стала менш, ніякай русіфікацыі няма, там літаральна 1−2 параграфы пра ўсходніх славян і гэта хутчэй агульнаадукацыйная тэма, яны важныя для нашай гісторыі, так што нічога страшнага не адбылося», — не пагадзіўся іншы каментатар.
«Да 10-га класа ГБ ўсё яшчэ вывучаецца ў храналагічным парадку, у падручніку ўсё яшчэ дастаткова тэм па ГБ, пакінулі тыя, што найбольш важныя, у 10 і 11 класах ужо і так пачыналі вывучаць гісторыю больш кропкава і паглыблена і гэта больш пашырыць кругагляд, так як адразу будзе ў кантэксце Еўропы, Азіі і г. д., г. зн. у нас 1793 — 2-і падзел РП, а ў Францыі толькі што Людовіка 16 пакаралі смерцю і рэспубліку абвясцілі, тым, хто вывучае, будзе лягчэй выбудоўваць сувязь і кантэкст усёй гісторыі».
Чытайце таксама: Чыноўнікі адказалі на петыцыю аб увядзенні экзамену па гісторыі Беларусі для атрымання грамадзянства