Мінчука Андрэя Пугача зацікавіў аднапавярховы будынак на беразе Нёмана — пабудова стаіць насупраць Новага замка. У Facebook-групе «Гродна» Андрэй пацікавіўся, што гэта такое.
Аказваецца, насупраць Новага замка стаіць Гродзенскі гідралагічны пост. Адкрылі яго ў студзені 1877 года насупраць вусця Гараднічанкі. Пост дзейнічае па сёння.
Гістарычнымі фактамі аб гідралагічным пасце падзяліўся карыстальнік пад нікам Serge Fridland.
«У 1877 годзе аўстрыйскі купец Іосіф Кунц звярнуўся да царскага ўрада з просьбай дазволіць яму на беразе Нёмана ў Гродне пабудаваць піўзавод. Прайшоў некаторы час, і дазвол быў атрыманы, але з адной умовай: Іосіф Кунц павінен быў прафінансаваць будаўніцтва гідралагічнага паста на левым беразе Нёмана. Што прадпрымальным купцом і было зроблена. Такім вось чынам царскі ўрад, заахвочваючы прадпрымальніцкую ініцыятыву купецтва па адкрыцці ўласных вытворчасцей у гарадах і мястэчках, улічваў дзяржаўныя інтарэсы ў сферы развіцця навуковых гідралагічных назіранняў», — напісаў гараджанін.
Галоўная задача паста — адсочваць узровень і тэмпературу вады ў Нёмане. Сваю працу ён прыпыняў у час Першай і Другой сусветных войнаў. «Што дзіўна, падчас войнаў гэты пост не быў разбураны. Застаўся той жа будынак, 140-гадовай даўніны», — дадае гродзенец.
Чытайце таксама: Гродзенскаму піўзаводу выбралі назву. Глядзіце, як ён будзе выглядаць пасля рэканструкцыі