Гродзенец Аляксандр набыў на аўкцыёне альбом 1915 года выдання з фатаграфіямі горада. Як выглядае дарэвалюцыйны альбом, Аляксандр паказаў у TikTok.

Альбом з фатаграфіямі Гродна быў выдадзены ў 1915 у Берліне. Кніга называецца Erinnerung an Grodno, што перакладаецца як «памяць аб Гродне».

«Тут сабраны 20 краявідаў часоў Першай сусветнай вайны. Калі я ўдзельнічаў у аўкцыёне, бачыў некалькі здымкаў — таму я таксама разам з вамі ўпершыню гляджу», — пракаментаваў распакоўку альбома Аляксандр.

На аўкцыённай пляцоўцы OneBild стартавая сума альбома склала € 28 (107 руб.). Пераможца набыў яго за € 98 (375 руб.).

У альбоме сярод іншага ёсць здымкі набярэжнай Нёмана, Фарнага касцёла, воданапорнай вежы і побыту сельскіх жыхароў з вёсак пад Гроднам.

Што гэта за альбом старых фатаграфій Гродна?

Альбом выдалі ў Германіі пасля таго, як нямецкая армія заняла Гродна восенню 1915 года. Каштоўнасць альбома заключаецца ў яго аўтэнтычнасці, у тым ліку арыгінальнай вокладцы і пераплёце, якія захаваўся за 110 гадоў. Большасць з змешчаных там фатаграфій былі вядомыя і раней, аднак менавіта ў гэтым выданні іх аб’ядналі.

Большасць фота былі зроблены гродзенскімі фатографамі раней, яшчэ да Першай сусветнай вайны, а нямецкі выдавец проста сабраў іх пад адной вокладкай. Гэта было папулярнай практыкай: удалыя кадры яшчэ царскіх часоў маглі шмат гадоў тыражавацца і пад нямецкай акупацыяй, і падчас міжваеннай Польшчы.

Цікава, што некаторыя фота для берлінскага альбома былі адрэдагаваныя і «палепшаны». Напрыклад, на фота манастыра выдалілі «непрывабны» будынак злева і дамалявалі сцяну царквы.

Чытайце таксама: Гродзенец знайшоў рэдкія здымкі горада часоў Першай сусветнай вайны