У Гродне гарвыканкам узяўся за несанкцыянаваную рэкламу на агароджах. Прадпісанні атрымалі паркоўкі і іншыя арганізацыі, што вешалі банеры на платах.
На многіх стаянках, акрамя ўласна стаянкі, як арандатары працуюць аўтакамісы, шынамантажы, арэнда прычэпаў і будаўнічай тэхнікі і падобнае. Да гэтага часу яны рэкламавалі сябе праз банеры на плоце аўтастаянкі. Часам самі паркоўкі размяшчалі на плоце і іншую камерцыйную рэкламу.
З сярэдзіны вясны шмат дзе банеры зніклі: улады прапанавалі або ўзаконіць рэкламу і плаціць збор, або здымаць, паведамляе «Наша Ніва». За парушэнне пагражае штраф. Каб рэклама стала законнай, уласнік агароджы мусіць атрымаць для яе пашпарт рэкламнай канструкцыі.
Некаторыя бізнесы пачалі ставіць асобныя канструкцыі побач з плотам — каб выглядала, быццам банер усё яшчэ на ім. Іншыя ж адмовіліся ад рэкламы цалкам, не жадаючы займацца афармленнем дакументаў і дадатковымі выдаткамі.
З 2021 года ў Беларусі змест вонкавай рэкламы абавязалі ўзгадняць з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. А з 2024 года вонкавую рэкламу трэба ўзгадняць з мясцовымі органамі ўлады — гор (рай)выканкамам па ўзгадненні з адпаведным аблвыканкамам.
Год таму мясцовыя ўлады ўзмацнілі кантроль і колькасць судоў праз незаконнае размяшчэнне рэкламы ў Гродне вырасла.