Мерапрыемствы ў Навагрудку ў дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны пачалі з малебна ў Свята-Мікольскім кафедральным саборы. Ён прайшоў з удзелам сілавікоў і рабочых, а пасля перайшоў у патрыятычны мітынг у 4 гадзіны раніцы. Старшыня райвыканкама палохаў прысутных «карычневай чумой».

У мерапрыемствах 22 чэрвеня ўдзельнічалі мясцовыя чыноўнікі - кіраўнікі раёна, сілавікі, духавенства, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў і моладзь. Харугвы неслі людзі ў форме, падобнай на форму МНС — імаверна, вучні Навагрудскага дзяржаўнага каледжа тэхналогій і бяспекі.

Хрэсны ход і мітынг ля помніка Магіла невядомага салдата прайшлі з элементамі тэатралізацыі — жанчыны ў доўгіх белых кашулях і мужчыны ў форме савецкіх салдат неслі лампады.

«Сёння, гэтай раніцай, мы гаворым напаўголаса, успамінаючы тыя страшныя падзеі 22 чэрвеня 1941 года. Мільёны людзей спалі, бачачы мірныя сны: аб жыцці, шчасці, будучыні… А ў гэты час на мяжы ўжо стаялі тыя, хто рыхтаваўся заваяваць нашу краіну, знішчыць большую частку насельніцтва, а астатніх ператварыць у рабоў. Захопнікі не чакалі, што атрымаюць такі адпор», — сказаў старшыня Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чаркоўскі.

«Успамінаючы тыя страшныя падзеі, мы павінны разумець, што яны могуць паўтарыцца. Карычневая чума затаілася ў нашчадках тых нацыстаў, якія пацярпелі паразу. Яны не могуць нам дараваць, што мы выстаялі, што не далі сябе заняволіць, што не аддалі сваю зямлю», — дадаў ён.

Памінальны малебен у храме і ліцію каля помніка правёў протаіерэй Анатоль Герасімюк. Каля вечнага агню прайшла хвіліна маўчання, удзельнікі ўсклалі кветкі і паставілі лямпады.

Тры гады таму назву гэтай памятнай даты змянілі з «Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны — 22 чэрвеня» на «Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа — 22 чэрвеня» — паводле ўказу Лукашэнкі ад 23 сакавіка 2022.

Чытайце таксама: Знакаміты мастак падарыў касцёлу ў Навагрудку два вялізныя абразы