Суд па справе Мікіты Самарына ў Гродне пачнецца 2 ліпеня. Вядома, што самога Самарына ўтрымліваюць у ШІЗА ўжо больш за месяц.

Пасяджэнне хутчэй за ўсё пройдзе ў Гродзенскім абласным судзе, піша «Гарадзенская праваабарона». На 16 чэрвеня следчы не распавядаў пра стан і рух справы родным і блізкім Мікіты, удакладнялі праваабаронцы.

Мікіту Самарына затрымалі ў Гродне позна ўвечары 26 сакавіка 2025 года ў гаражным масіве. Пры ім не было дакументаў, і яго хацелі адвезці ва ўчастак для высвятлення асобы. Падчас затрымання ён зламаў руку міліцыянту і скокнуў у раку, паведамлялі ў прэс-службе міліцыі. Аказалася, ён ужо знаходзіцца ў вышуку.

Чатыры гады гродзенец хаваўся ў Беларусі ад прысуду паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса (Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). У жніўні 2020 года на акцыі пратэсту ў Гродне ён распыліў у твар супрацоўніку АМАП газавы балончык, заступіўшыся за работніка «Гродна Азот». Пры затрыманні яго збілі і абрэзалі валасы нажом. У 2021 годзе яго асудзілі на чатыры гады «хіміі», а пазней замянілі пакаранне на 2,5 гады калоніі. Самарын не прыйшоў на абвяшчэнне прысуду і змог схавацца.