На пасяджэнні гарадской тапанімічнай камісіі ў Гродне абмеркавалі назву для будучага праспекта ў мікрараёне Грандзічы. Камісія прапанавала назваць яго ў гонар Героя СССР Вольгі Санфіравай. Вуліцу яе імя збіраюцца знесці ў іншым раёне горада.

Цяпер вуліца Санфіравай знаходзіцца ў мікрараёне Вясеннім, там, дзе будуюць новае жыллё. Для гэтага зносяць старыя прыватныя дамы, у тым ліку на Санфіравай. Фактычна вуліца знікне.

Вольга Санфірава — Герой Савецкага Саюза, камандавала эскадрылляй 46-га гвардзейскага начнога бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Санфірава здзейсніла 630 баявых вылетаў і праявіла гераізм. Загінула ў баі, пахавана ў Гродне, у брацкай магіле ў парку Жылібера.

«Дапусціць знікнення вуліцы імя героя Савецкага Саюза з карты Гродна мы не можам. Таму паступіла прапанова захаваць імя і прысвоіць яго новаму праспекту ў мікрараёне Грандзічы», — растлумачыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама Аляксей Апановіч. Пакуль будучы праспект значыцца на карце як Праектаваная № 32.

Прапанову падтрымалі ўсе члены камісіі. У бліжэйшы час пачнуцца грамадскія абмеркаванні, якія працягнуцца месяц. Канчатковае рашэнне прыме Гродзенскі гарадскі Савет дэпутатаў.

Жаночыя імёны — рэдкасць на карце Гродна

На 2017 год у Гродне толькі 12 вуліц з 778 было названа ў гонар вядомых жанчын, сярод іх і вуліца Санфіравай. Пры гэтым у гонар мужчын было названа 200 вуліц.

Частка з іх — ваенныя гераіні савецкага часу. Іх імёнамі называлі вуліцы ўсіх савецкіх гарадоў. У Гродне гэта дыверсантка Зоя Касмадзям’янская, партызанкі Вольга Саломава і Ліза Чайкіна, падпольшчыца Вера Харужая, лётчыцы Вольга Санфірава і Паліна Асіпенка.

Да ўсясветна вядомых жанчын, чыімі імёнамі ўдастоены вуліцы Гродна, адносяцца першая ў свеце жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова і адна з заснавальніц жаночага руху ў свеце Роза Люксембург.

Тры вуліцы носяць імёны жанчын, што пакінулі значны след у літаратуры. Гэта пісьменніцы Алаіза Пашкевіч (Цётка), Эліза Ажэшка і Зоф’я Налкоўская, якія жылі ў Гродне. Найноўшую гісторыю на карце горада прадстаўляе харэографка танцавальнага ансамбля «Нёман» Ларыса Ляшэнка. У 2020 спіс «жаночых» імён папоўніла вуліца Валянціны Макаровай у новым мікрараёне Грандзічы.

Чытайце таксама: У Гродне менш за 10% вуліц патрабуюць тэрміновага перайменавання. Якія назвы часцей за ўсё сустракаюцца ў Гродне?