Кірмаш вакансій і «сход» правялі ў РАУС Кастрычніцкага раёна Гродна. Туды паклікалі людзей з алкагольнай залежнасцю, тых, хто стаіць на ўліку ў міліцыі і людзей са спісу «дармаедаў». За нез’яўленне па непаважлівай прычыне палохаюць адміністрацыйнай справай.
Паводле дадзеных на 1 чэрвеня, толькі ў Кастрычніцкім раёне афіцыйна лічыцца 11 379 чалавек, не занятых у эканоміцы. Для параўнання, згодна з Камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, ва ўсёй Гродзенскай вобласці на 1 чэрвеня на ўліку як беспрацоўныя знаходзілася 818 чалавек. Гэтыя лічбы звычайна агучваюць, калі гавораць аб узроўні зарэгістраванага беспрацоўя. Не ўсіх, хто звяртаецца ў службу занятасці, ставяць на ўлік як беспрацоўных — у студзені-траўні 2025 года з 7994, якія звярнуліся туды, у Гродзенскай вобласці паставілі на ўлік толькі 2850.
На сустрэчу ў РАУС, акрамя «дармаедаў», запрасілі людзей, якія стаяць на кантролі крымінальна-выканаўчай інспекцыі і ў аддзеле аховы правапарадку і прафілактыкі, двойчы на працягу года прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства і назіраюцца ў нарколага, або нядаўна вярнуліся з ЛТП. Такую «прафілактыку» беспрацоўя пачалі праводзіць з 1 красавіка. За гэты час знайшлі працу 30 чалавек, з іх 6 былі раней судзімыя, расказаў начальнік Кастрычніцкага РАУС Аляксандр Кліменкаў.

Удзельнікам такога кірмашу загадзя дасылаюць паведамленні. На тых, хто не прыйдзе без уважлівай прычыны, могуць завесці адміністрацыйную справу, паведамілі ў гродзенскай міліцыі. Праўда, не ўдакладнілі, што гэта датычыцца толькі тых, хто стаіць на ўліку ў РАУС — напрыклад тых, хто не можа ўладкавацца на працу пасля турмы. У іх лік трапляюць і былыя палітвязні, якіх часта не хочуць браць на працу.
На сустрэчы ў РАУС прыходзяць прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і іншыя органы ўлады. У тым ліку яны выдаюць накіраванні на прадпрыемствы, якія маюць патрэбу ў работніках.
Чытайце таксама: Дапамога адрозніваюцца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем