У цэнтры Гродна на Леванабярэжнай адкрыецца новае месца — бургерная «Прычал». Ва ўстанове будзе від на гістарычны цэнтр.

«З нашай тэрасы адкрываецца захапляльны від на Стары і Новы замкі, драмтэатр, касцёл бернардзінцаў і маляўнічыя ўзгоркі правага берага. Гэта ідэальнае месца для рамантычных шпацыраў, сустрэч з сябрамі і насалоды смачнай ежай», — пішуць уладальнікі.

Меню пакуль не выклалі. Мяркуючы па надпісах на бургернай, яны супрацоўнічаюць з «Лідскае піва». Верагодна, уладальнікі выйгралі на аўкцыёне права размяшчэння нестацыянарнага аб’екта грамадскага харчавання на Леванабярэжнай у канцы 2024 года. Да гэтага пяць гадоў з 2019 года ўлады спрабавалі ажывіць Леванабярэжную ў Гродне. Спыніліся на ідэі пляцоўкі для нестацыянарнага кафэ, агляднай і відавой пляцоўкі, забаўляльнай пляцоўкі для моладзі і гульнявой для дзяцей.