Трохпакаёвая кватэра свабоднай планіроўкі размешчана на мансардным паверсе трохпавярховага дома 1885 года пабудовы, у самым цэнтры Гродна. З розных вокнаў бачныя не толькі ўсходы і заходы, але і адразу тры касцёлы – Фарны (святога Францішка Ксаверыя), брыгіцкі (Звеставання Прасвятой Дзевы Марыі) і бернардзінскі (Адшукання Святога Крыжа).
Адрас дома – Карла Маркса, 25. Цагляны дом вядомы як дом Іосіфа Шарашэўскага, уладальніка тытунёвай фабрыкі ў Гродне. Рэканструкцыя прайшла ў 2006 годзе. Да пешаходнай Савецкай ад кватэры – 600 м. Вокны выходзяць на розныя бакі, у тым ліку ў ціхі зялёны двор. Сярэдняя вышыня столяў 2,8 м.




Інтэр’ер не проста атмасферны – кожная дробязь прадуманая і падабраная індывідуальна, шмат вырабаў ручной працы, антыкварнай мэблі канца XIX – пачатку XX стст. і прадметаў з медзі.




У пакоях драўляная падлога, у калідоры і ваннай – цёплая, у вокнах – драўляныя шклопакеты, на сценах – італьянская тынкоўка, стальніца ў кухні з керамаграніту. Цалкам замененая праводка – на кухні правады схавалі ў медныя трубы. Кватэра прадаецца з усёй мэбляй і тэхнікай.




Агульная плошча кватэры – 67,5 кв. м., з іх жылая – 43,6 кв. м., кухня займае 10,5 м. Балкона няма, санвузел – раздзельны.
Кошт кватэры – $ 80 тыс.
Чытайце таксама: Нерухомасць тыдня: у цэнтры Гродна прадаюць кватэру з інтэр’ерам, як з часопіса, і ўласным газонам



