З кожным годам расце колькасць ровараў і расце колькасць іх крадзяжоў, расказалі ў УУС Гродзенскага аблвыканкама. Чым хутчэй адрэагуе гаспадар, тым вышэй шанец вярнуць скрадзенае. Што можна зрабіць?

  1. Адразу звярнуцца ў міліцыю. Патэлефануйце па нумары 102 або звярніцеся ў бліжэйшае аддзяленне. Удакладніце, дзе і калі адбыўся крадзеж.
  2. Падрыхтаваць інфармацыю. Падайце як мага больш звестак пра ровар:
    • яго фатаграфію;
    • серыйны нумар рамы (звычайна выбіты знізу на карэткавым вузле рамы) — яго варта сфатаграфаваць загадзя;
    • асаблівыя прыкметы ровара: драпіны, налепкі, аксэсуары;
    • пашпарт ровара і іншыя дакументы пра куплю (калі яны захаваліся).
  3. Знайдзіце сведкаў. Распытайце мінакоў, суседзяў або супрацоўнікаў бліжэйшых крамаў. Запішыце кантакты ўсіх, хто што-небудзь бачыў.

Як абараніць ровар ад крадзяжу?

  • У ідэале — ніколі не пакідайце веласіпед без нагляду, нават на пару хвілін.
  • Выкарыстоўвайце трывалы замак — тонкія тросікі лёгка перакусіць.
  • Прышпільвайце за раму і кола да нерухомага аб’екта.
  • Не захоўвайце ровар у пад’ездзе або на лесвічнай пляцоўцы — гэта не абараняе.
  • Стаўце ровар у зоне відэаназірання, калі ёсць такая магчымасць.
  • Здымайце ўсё здымнае: ліхтары, велакамп’ютар, помпу і г. д.

Звярніце ўвагу

Не купляйце патрыманыя веласіпеды без дакументаў - так вы можаце стаць уладальнікам скрадзенай маёмасці. За крадзеж маёмасці ў Беларусі прадугледжана адказнасць паводле арт. 205 Крымінальнага кодэкса.

Калі засталіся пытанні

Участковыя інспектары міліцыі Гродзенскай вобласці праводзяць прыём грамадзян кожную сераду:

  • у сельскай мясцовасці — з 10:00 да 13:00;
  • у гарадах — з 17:00 да 20:00.

Чытайце таксама: