Дамовіцца аб аднаўленні рэйсаў з Тэль-Авіва ў Мінск хоча ўраджэнка Беларусі Таццяна Лявонава. Дзеля гэтага яна сустрэлася з дырэктарам «Белавія». Таксама Таццяна хоча, каб з’явілася магчымасць дабрацца ў Ізраіль самалётам з Гродна. Сустрэча адбылася 10 чэрвеня. Пра яе вынікі жанчына распавяла ў Facebook.
Гендырэктар «Белавія» Ігар Чаргінец паведаміў, што кампанія рэгулярна падае дакументы на дазвол пасадкі беларускіх самалётаў у Ізраілі. Але пакуль адказ ад ізраільскага боку адмоўны.
«Праблема не ў Беларусі, як многія з вас тут думаюць, а праблема на баку Ізраіля», — рэзюміравала вынікі сустрэчы Таццяна.
Цяпер жанчына прапануе беларусам Ізраіля скласці групавы зварот. Каму ён будзе адрасаваны, Таццяна не ўдакладняе.
Яшчэ да сустрэчы ўдзельнікі Facebook-групы «Беларусь — Ізраіль» сумняваліся ў паспяховасці размовы з кіраўніком «Белавія», бо паведамленне было спынена не з ініцыятывы беларускага боку. Іншыя ж вельмі спадзяваліся на пазітыўнае рашэнне.
«Нам абавязкова трэба дапамагчы зрабіць прамыя рэйсы ў Беларусь. У нас там пахаваны бацькі, а мы дзеці і ўнукі не можам пакланіцца каля іх магіл. Няма прамога палёту на Мінск і магчымасцей плаціць за білеты па 1200 еўра. Пажылым вельмі складана праходзіць пералёты і перасадкі ў іншых краінах. Бо мы ніколі не парывалі сваіх адносін з Радзімай», — напісала адна з удзельніц групы.
Чаму зніклі рэйсы Тэль-Авіў — Мінск?
Рэгулярныя рэйсы Мінск-Тэль-Авіў—Мінск «Белавія» выконвала з 1996 года. Але ў 2021 годзе кампанія трапіла пад санкцыі Еўрасаюза з-за саўдзелу ў арганізацыі міграцыйнага крызісу на межах ЕС. У 2023 годзе кампанія трапіла пад санкцыі ЗША з-за падтрымкі Беларуссю расійскага ўварвання ва Украіну. Кампаніям ва ўсім свеце забаранілі абслугоўваць, рамантаваць ці іншым чынам выкарыстоўваць амерыканскія дэталі для абслугоўвання самалётаў «Белавія».
Ізраіль адмовіўся абслугоўваць самалёты «Белавія» ў сваім галоўным аэрапорце Бэн Гурыён яшчэ раней — увесну 2022 года.
Калі ў лістападзе 2023 года ХАМАС уварваўся на тэрыторыю Ізраіля, гуманітарны самалёт «Белавія» прызямліўся ў Бэн Гурыёне. З Ізраіля эвакуіравалі больш за 100 беларусаў. Пасля гэтага прадстаўнікі беларускага МЗСа выказвалі надзею, што прамыя авіязносіны адновяцца. Але гэтага не адбылося.
Чаму самалёт з Тэль-Авіва не прызямліцца ў Гродне?
У 2019 годзе ў Беларусі прынялі канцэпцыю развіцця рэгіянальных аэрапортаў. Гродна павінен быў стаць асноўнай базай і прыцягнуць замежныя бюджэтныя кампаніі, такія як Wizz Air.
З-за санкцый, накладзеных на Беларусь у 2021 годзе і Расію ў 2022, у паветранай прасторы краіны перасталі лётаць самалёты. Гродзенскі аэрапорт і мясцовы філіял «Белаэранавігацыі» прастойваў.
Ці патрэбны беларусам рэйсы Тэль-Авіў—Мінск і Тэль-Авіў—Гродна?
У прамых рэйсах з Ізраіля ў Беларусь могуць быць зацікаўлены не толькі беларускія рэлаканты. У Беларусі шмат месцаў, у якіх могуць быць зацікаўлены пілігрымы і турысты з Ізраіля. У тым ліку такія мясціны ёсць у Гродзенскай вобласці. Адзін час патэнцыял стаць турыстычным цэнтрам для рэлігійных ізраільцян быў у пасёлка Радунь, дзе захавалася знакамітая ў мінулым ешыва — яўрэйская рэлігійная школа. Турыстаў могуць прыцягваць і старажытныя могілкі, і месцы, дзе нарадзіліся важныя дзяржаўныя дзеячы Ізраіля.
Але ўдзельнікі Facebook-групы «Беларусь — Ізраіль» не вельмі вераць у магчымасць аднаўлення авіязносін.
«Вельмі шкада, што шанцаў на поспех не надта шмат, можна сказаць іх практычна няма. Але будзем спадзявацца на цуд», — адзначае Вольга.