У сядзібы Умястоўскіх у Жамыслаўлі з’явілася ўласная сувенірная прадукцыя. Гэта футболкі, торбы, кубкі, магніты, нататнікі, паштоўкі, налепкі, кепкі і іншае.
Купіць сувеніры можна непасрэдна ў палацы, штодзень з 9 да 18 гадзін. Пры жаданні сувеніры могуць даставіць у Мінск. Відэаагляд новай прадукцыі апублікаваў акаўнт, прысвечаны адпачынку ў сядзібе.
Кропка продажу размясцілася проста пры ўваходзе ў палац. Сувенірныя керамічныя бутэлькі каштуюць 30 руб., магніты з выявай палаца — па 10, нататнікі - 7−15 руб., паштоўкі і асадкі - 5 руб., шоперы — 25 руб. Прадаюць футболкі з надпісам «Жамыслаўль. Палац пад белымі крыламі», ёсць і брашура «Узорны палац Умястоўскіх» пра Жамыслаўль.







Аўтарка дызайнаў - дызайнерка-ілюстратарка Людміла Каюкова.
Як трапіць у палац?
Зараз тэрыторыя сядзібы прыватная. Яна адкрыта для наведванняў кожны дзень з 9:00 да 18:00. ⠀
У прыватным парадку можна дамаўляцца і пра іншы час. Уваход на тэрыторыю сядзібнага комплексу платны — 5 руб. за чалавека, дзяцей да 12 гадоў пускаюць бясплатна. Інфармацыю пра гісторыю палаца могуць распавесці супрацоўнікі. Таксама можна замовіць экскурсію для арганізаванай групы, у тым ліку праз турфірмы. На возеры можна парыбачыць, пакатацца на кацеры і катамаранах, можна зладзіць карпаратыўны ці сямейны адпачынак. Там ладзяць фальклорныя вечары, спартыўныя святы, гістарычныя імпрэзы.
Гісторыя комплексу
Палацавы комплекс у Жамыслаўлі часам называюць беларускай Венецыяй — ён стаіць на беразе вялікага маляўнічага возера на рацэ Гаўя. Гэта прыклад палацава-паркавага будаўніцтва XIX стагоддзя. Сядзіба належала роду Умястоўскіх з 1805 года. У 1863-м Юзэфа Умястоўская задумала тут рэзідэнцыю, якая павінна была нагадваць варшаўскія Лазенкі — з класічным фасадам, шпацырнай тэрасай на даху і раскошнымі інтэр'ерамі. Побач разбілі парк у англійскім стылі з ліпавай алеяй і сажалкай плошчай 60 гектараў.

Падчас Першай сусветнай вайны тут быў ваенны санаторый. Потым Жамыслаўль увайшоў у склад Польшчы, і сядзібу вярнулі Умястоўскім. Яны перадалі яе Віленскаму ўніверсітэту. Палац перажыў Другую сусветную вайну без пашкоджанняў, але пасля стаў цэнтрам мясцовых устаноў: тут працавалі калгасны савет, бібліятэка, пошта, клуб.
У 2000-х сядзіба страціла функцыю адміністрацыйнага цэнтра. У 2008 годзе палац упершыню выставілі на продаж, але здзелку прызналі незаконнай. У 2012 годзе, напярэдадні новай спробы прадаць будынак, адбыўся пажар, пасля якога палац разрабавалі. Каміны з мармуру вывозілі на машынах. Адзін з інвестараў — бізнэсовец з Іарданіі — адмовіўся ад куплі праз аварыйны стан. Нарэшце, сядзіба перайшла да мінскага прадпрымальніка Міхаіла Глінскага, які заплаціў за яе 138 рублёў. Палац пачалі аднаўляць.
Да нашых дзён захаваліся не толькі палац, але і гаспадарчыя будынкі: лядоўня, амбар, будынак ГЭС на дамбе.
Чытайце таксама: «Навошта гэта інвестару?». Бізнесмены не купляюць гістарычныя будынкі ў рэгіёне — і вось чаму