У Лідзе пракладуць новую вела-пешаходную сцежку ўздоўж ракі ў цэнтры, непадалёк ад замка. Там будуць навесы і лаўкі з падсветкай.
Прагулачную набярэжную ўладкуюць ад вуліцы Мітрапаліта Філарэта да вуліцы Грундвальдскай і ад Грундвальдскай да вуліцы Замкавай у раёне Лідскага замка. Уздоўж вела-пешаходнай сцежкі расставяць малыя архітэктурныя формы. Гэта будуць навесы-пергалы з дрэва і металу з асвятленнем, лаўкі з падсветкай і без, стыльныя смеццевыя кантэйнеры і велапаркоўкі.

Навесаў з лаўкамі ўнутры паставяць два, лавак з падсветкай будзе восем, драўляных лавак з высокімі спінкамі - 19.


На ўсё збіраюцца выдаткаваць каля 646 тыс. руб. з сродкаў будаўнічага прадпрыемства «Лідская перасоўная механізаваная калона — 169». Гарантыя будзе пяць гадоў.




Як яшчэ зменіцца Ліда?
У рамках добраўпарадкавання горада ў Лідзе збіраюцца стварыць зону адпачынку на пешаходнай вуліцы з лаўкамі, столікамі і літымі ліхтарамі. Новыя лаўкі з’явяцца таксама на плошчы каля дзіцячай школы мастацтваў. Маштабным стане і азеляненне горада — у Лідзе вырашылі ўсталяваць 600 новых кветніц і разбіць 20 новых клумбаў. З раённага бюджэту на гэта выдзелілі блізу сямісот тысяч рублёў.
Чытайце таксама: Гродна і Ліда трапілі ў топ папулярных летніх аўтобусных маршрутаў сярод мінчан