Падчас падарожжа па Гродзенскай вобласці расіянка Алена Дабракова дабралася да вёскі Басіна пад Навагрудкам. Там на могілках жанчына знайшла два надмагіллі — Алена выказала здагадку, што тут пахаваны яе прадзед і прабабуля. Каб звязацца з унукамі сваякоў, Алена пакінула на могілках запіску з нумарам тэлефона.
Лётаў на французскіх знішчальніках і быў па абодва бакі барыкад
Да паездкі ў Гродзенскую вобласць Алена ўжо цікавілася мінулым сям'і па матчынай лініі. Жанчына выявіла, што яе прадзеда звалі Шастак Адам Іосіфавіч. Ён нарадзіўся ў 1869 годзе ў вёсцы Басіна пад Навагрудкам.
Яго сын Уладзімір таксама нарадзіўся ў Басіна. Падчас грамадзянскай вайны ў Расіі ён уступіў у шэрагі белай арміі, а пасля перайшоў на бок чырвоных.


«Уступіў у шэрагі РСДРП у Петраградзе, вучыўся ў Маскоўскай авіяшколе на ваеннага лётчыка, лётаў на французскіх знішчальніках… У 1937-м ледзь не быў расстраляны, бо яго экіпаж (дзед рыхтаваў яго да палёту) пацярпеў крушэнне, самалёт разбіўся. Але апраўдалі. Дзед пераехаў з сям’ёй у Ленінград, дзе працаваў у Адміралцействе», — распавяла ў Facebook Алена.

Запіску на магіле знайшоў гродзенец
Праз некаторы час расіянка адправілася ў Беларусь, дзе, у тым ліку, наведала Басіна. На вясковых могілках жанчына знайшла надмагіллі. Імя і даты жыцця і смерці супадалі з дадзенымі прадзеда.
«Прадзед? Накшталт па гадах супадае. Побач магіла паменш, ледзь адрозныя літары на старым вышчарбленым помніку: „Шастак Філіна Сцяпанаўна 1878 — 1943“. Прабабка? Была амаль упэўнена, што так. Але ўсё ж, раптам проста супадзенні? Вунь колькі на могілках Шастакоў! Паўвёскі», — успамінае Алена.
Жанчына пакінула на магіле запіску са сваім нумарам тэлефона і адрасам электроннай пошты. Праз дзесяць месяцаў ёй патэлефанавалі з Гродна. Запіску знайшоў праўнук пахаваных у Басіна і траюрадны брат Алены — Мікалай Дзяшук.
«Праз гадзіну я атрымала фатаграфію ад Мікалая — такая ж захоўваецца і ў нашым сямейным альбоме. Маё хваляванне цяжка перадаць. Столькі гадоў нічога не ведалі, і раптам адкрываецца цэлая гісторыя!».

«Навагрудак — абавязковы пункт да наведвання»
Дзякуючы праўнуку Алена змагла аднавіць прабелы ў біяграфіі дзеда. У 30-х гадах ён прыязджаў у Басіна (тады ён жыў у СССР, а вёска знаходзілася ў межах міжваеннай Польшчы). Але, напэўна, з астатнімі сваякамі сувязь падтрымліваў толькі часткова. Напрыклад, у 1952 годзе Уладзімір даслаў сваё фота роднаму брату.
Цяпер Алена плануе сустрэчу са сваім траюрадным братам Мікалаем — паездка ў Беларусь адбудзецца ўжо ў чэрвені. «Навагрудак і Басіна будуць абавязковымі пунктамі да наведвання», — дадае Алена.
Чытайце таксама: Удалы пошук бацькi па ДНК і радавод да дзявятага калена. Як беларусы знаходзяць інфу пра продкаў (бонус — лайфхакi, з чаго пачаць)