Аўкцыён па продажы Дома культуры ў пасёлку Радунь прайшоў 28 траўня. Лот прадалі за 322 тыс. руб. У XIX і пачатку XX стагоддзя будынак належаў іудзейскай абшчыне — там размяшчалася навучальная ўстанова, якую наведвалі сотні вучняў.

Стогадовую ешыву могуць ператварыць хоць у «Еўраопт»

У апісанні лота адзначаецца, што на продаж выстаўлены гарадскі Дом культуры з інжынернымі сеткамі, добраўпарадкаваннем і абсталяваннем.

Згодна з умовамі аўкцыёну, у пакупніка няма ніякіх абмежаванняў па выкарыстанні зямельнага ўчастка. Ён можа змяніць мэтавае прызначэнне аб’екта і адкрыць там краму, кафэ, офіс ці гасцініцу.

Былы будынак ешывы не ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Без гэтага статусу і ўлады, і пакупнік, не абавязаныя захоўваць аб’ект у належным выглядзе.

Хто разбурыў магілу Хафец Хаіма?

Радуньскую ешыву пабудавалі ў 1882 годзе. Заснаваў школу знакаміты рабін Хафец Хаім. Пра рабіна і яго школу захавалася нямала ўспамінаў. Напрыклад, будучы савецкі лекар, доктар медыцынскіх навук Мануіл Салавей быў асабіста знаёмы з рабінам і часта бываў у яго ў гасцях у Радуні.

У зборніку «Бяседы М. Г. Салаўя з Іллём Дворкіным» Мануіл Салавей узгадвае, што да 1917 года ўрокі ў ешыве праводзіліся штодня. У рабіна навучалася каля 300 чалавек — заняткі праходзілі ў вялікай зале, дзе пазней паказвалі кіно. Па словах Салаўя, пад столлю павінен быў захавацца надпіс на іўрыце: «ешыва Хафец Хаіма».

Радуньскую ешыву прадалі на аўкцыёне — раней там хацелі зрабіць турыстычны комплекс для паломнікаў
Ешыва ў Радуні ў 1920-х гадах. Фота: lechaim.ru

Памёр Хафец-Хаім у 1933 годзе ў Радуні. Вучні і жыхары вёскі сабралі грошы, каб паставіць памятны камень. Пазней, па ўспамінах Салаўя, мясцовыя ўлады загадалі знішчыць магілу Хаіма і яшчэ некалькіх настаўнікаў ешывы. «Усё разбурылі. Шум быў на ўвесь свет, вядома. Але ім [уладам — ​​Hrodna.life] напляваць на ўсё гэта», — успамінае Салавей. Канкрэтныя гады, калі гэта адбылося, ён не назваў. У той жа час «СБ Беларусь Сегодня» сцвярджае, што надмагільныя камяні знішчылі падчас акупацыі немцы.

У 1953 годзе савецкія ўлады ператварылі будынак ешывы ў Дом культуры.

Планавалі пабудаваць гатэль і спадзяваліся на паважаных рабінаў

У незалежнай Беларусі Радунь стала папулярным месцам сярод яўрэйскіх пілігрымаў, якія хацелі ўшанаваць памяць Хафец Хаіма. Адшукаць магілу рабіна ўдалося па сведчаннях відавочцаў. Яе аднавілі, а потым вакол яе пабудавалі невялікі драўляны будынак з дзвярамі, якія зачыняюцца на кодавы замак.

Іншыя прыязджалі ў Радунь, каб адшукаць інфармацыю аб сваіх продках. У вёскі быў вялікі турыстычны патэнцыял, таму ў 2019 годзе там планавалі пабудаваць комплекс для габрэйскіх паломнікаў. На плошчы за некалькі гектараў павінна была з’явіцца гасцініца на 200 месцаў, сінагога, рэстаран з кашэрнай кухняй і традыцыйны басейн для абмывання. За рэалізацыю праекта ўзялася кампанія «Ор Мэір».

Але турыстычны комплекс у Радуні так і не з’явіўся. «Планы так і засталіся планамі», — казаў былы старшыня Воранаўскага райвыканкама Зміцер Захарчук.

У сваю чаргу прадстаўнік арганізатараў паломніцкага турызму Барыс Беразоўскі спадзяваўся, што візіты значных і паважаных рабінаў пакладуць пачатак «вялікаму турызму на гэтай святой зямлі».

Чытайце таксама: «А дзе ў вас ешыва і сінагога?» Разам з рабінам распавядаем пра знакавыя месцы занёманскай часткі Гродна