Пачалося будаўніцтва турыстычнага комплексу для габрэйскіх паломнікаў у гарадскім пасёлку Радунь Воранаўскага раёна. Рэалізуе праект кампанія «Ор Мэір». Комплекс размесціцца на плошчы ў некалькі гектараў: праектам прадугледжваецца будаўніцтва гасцініцы на 200 месцаў, сінагогі, рэстарана, традыцыйнага басейна для амывання, іншых неабходных збудаванняў, піша БЕЛТА.

Цікавасць да Радуні не выпадковая. Калісьці менавіта гэтае мястэчка было цэнтрам еўрапейскага яўрэйскага духоўнага і культурнага жыцця. Тут дзейнічала іешыва — навучальная ўстанова, якую стварыў выбітны равін і філосаф Хафец Хаім. Ён пахаваны ў Радуні, і яго магіла стала месцам паломніцтва габрэяў з усяго свету. Асабліва шмат паломнікаў прыбывае ў гадавіну яго смерці.

«Комплекс дазволіць стварыць для паломнікаў камфортныя ўмовы. Упэўнены, з’яўленне такога аб’екта прыцягне ў Радунь новых турыстаў. Важна, што знайшлі разуменне ў мясцовай улады. Нам камфортна працаваць тут», — адзначыў ўладальнік кампаніі «Ор Мэір» Авараам Сассо. Кошт праекта ацэньваецца ў суму каля $ 15 млн. Рэалізаваць яго плануецца ў кароткія тэрміны.

«Рэалізацыя падобных праектаў спрыяе развіццю настальгічнага і паклоннага турызму, станоўча адбіваецца на іміджы рэгіёну, дазваляе выгадна пазіцыянаваць яго на міжнародным турыстычным рынку», — адзначыў намеснік старшыні Воранаўскага райвыканкама Андрэй Карповіч. Ён падкрэсліў, што дзякуючы павелічэнню плыні турыстаў і гасцей атрымае развіццё і сам населены пункт. З’яўляюцца новыя аб’екты, а разам з імі і працоўныя месцы.

У перспектыве інвестар плануе выкупіць былы будынак іешывы. Раней тут размяшчаўся мясцовы дом культуры. Пасля рэканструкцыі ў кампаніі спадзяюцца вярнуць ёй ранейшы статус.