«Я вельмі доўга хацеў унікнуць гэтых двух постаў, але ў нейкі момант варта адказваць на нагонку і закрыць тэму», — напісаў у Facebook кіраўнік фонду BY_help Аляксей Лявончык. Прыводзім яго пост цалкам.
Некаторыя экс-палітвязні пачалі публічна гаварыць пра незадавальненне працай фондаў. Маўляў, няма празрыстасці працы і няясна, на якую дапамогу можна разлічваць. Hrodna.life даследаваў прычыны з’явы і запытаўся ў фондаў, як яны бачаць сітуацыю. Лявончык у час падрыхтоўкі матэрыялу не адказаў на нашыя пытанні, але яго публічны пост дапаўняе наш артыкул. Арфаграфія аўтара захаваная.
Для пачатку. Я вельмі рады, што зь некалькіх соцень тых, хто прайшоў і праходзіць нашую медпраграму, хейтэраў знайшлося меней за дзесяць штук. Каэфіцыент умоўнага задавальненьня такім чынам больш за 90%. Ну і нагадаю, што мы адзіныя, хто раскачаў медпраграму да такога ўзроўня, таму прылёты абсалютна чаканыя.
Цяпер пра прынцыпы.
Асноўны і базавы. Мы не дыскрымінуем паводле прынцыпу, чым чалавек займаўся да турмы, ці былі ў яго судзімасьці, а калі былі - то якія, ці супрацоўнічалі ён у калёніі, ці напісаў на памілаваньне. Гэта ня нашая справа. Мы бярэм па крытэры палітзьняволены ці не (прызнаны ці дэ-факта).
1. Мы маем сетку шэлтэраў для эвакуяваных былых палітзьняволеных. Пражываньне ў іх строга абмежавана двума месяцамі. Мы прыйшлі да гэтай лічбы эксперыментальна. Аднаго месяца замала, каб чалавек знайшоў свой уласны кут у новай краіне, а тры месяцы пазбаўляюць новапрыехалых скарыстацца пражываньнем. Таму, калі нехта прэтэндуе аж на чацьвёрты месяц бясплатна, то гэта як мінімум несправядліва ў дачыненьне да тых, хто стаіць у чарзе пасьля яго.
Засяленьне адбываецца са згоды каманды (гэта да закідаў, што вырашае адзін Лявончык). Пры парушэньні правілаў, зь якімі жыхары азнаямляюцца, можа наступіць высяленьне. Пражываньне можа быць падоўжана — ізноў жа, са згоды каманды — на максімум адзін месяц, пасьля чаго ўсё і конец, як кажуць палякі.

2. Лекаваньне. Мы маем пэўны пул грошаў, які абумоўлівае ліміт на аднаго чалавека. Чым пазьней выходзяць людзі - тым больш у іх праблем са здароўем, якія трэба закрываць. Таму мы стараемся дзе магчыма ўключаць дзяржаўную медыцыну, а дзе не — закрываць з нашых рэсурсаў. І звычайна мы забіраем увесь ліміт і дзе-нідзе выходзім за яго, бо чым пазьней нехта выходзіць, тым больш праблемаў зь медыцынай.
Ці можам мы спыніць лекаваньне? Так, калі чалавек пагражае нашай камандзе, разгалошвае інфармацыю кшталту адрасоў шэлтэраў ці імёнаў валянтэраў. Гэты прынцып не абмяркоўваецца. Гэтае рашэньне ізноў-ткі прымаецца калегіяльна, а не Лявончыкам.
Ці можам мы нешта НЕ лекаваць? Можам. Мы — група аператыўнай інтэрвенцыі, а не пажыцьцёвая медычная страхоўка. Мы лякуем толькі тое, што можна ўвязаць з турмой. Мы не займаемся тым, што было да турмы. Мы нават можам адмовіць лекаваць тое, што паўстала ў турме, калі мы не зьмяшчаемся ў ліміт.
Ці ёсьць часавыя абмежыны што да лекаваньня? Ёсьць — ля трох-чатырох месяцаў. Але бываюць выняткі, калі мы бярэм чалавека назад у праграму, бо нешта пайшло ня так. Адзін з тых, хто публічна незадаволены намі, быў у нашай праграме два гады.
У каментарах Аляксею раяць зрабіць для ўсіх аднолькавыя ўмовы, бо «дабрыня бокам выходзіць». Дзякуюць яму за дапамогу і прапануюць незадаволеным пажыць у лагеры для бежанцаў.