Гродзенскі гурт Dzieciuki дасць канцэрты ў двух польскіх гарадах — Кракаве і Варшаве. Музыкі зайграюць разам з канадскім фолк-панк-гуртом The Real McKenzies. Франтмэн Dzieciuki Аляксандр Дзянісаў прызнаецца, што спраўдзілася яго даўняя мара.
У 2014 годзе Дзянісаў наведаў канцэрт The Real McKenzies у Берліне. Тады Аляксандр падараваў канадскаму басісту першы альбом Dzieciuki «Гарадзенскі гармідар».
«Ці мог я падумаць, што праз 10 гадоў атрымаецца супорціць (выступаць на разагрэве — Hrodna.life) гэтым мастадонтам celtic-punk? (кельтык-панк — Hrodna.life). Людзі! Мары часам здяйсняюцца!», — парадаваўся ў сваім Facebook Дзянісаў.
«Напісаў, што Dzieciuki хацелі бы злабаць на разагрэве»
Калісьці гурт Dzieciuki пераспяваў адну з песень The Real McKenzies, расказаў Hrodna.life Аляксандр Дзянісаў. Так атрымаўся трэк «Па гарах».
— Мы лічылі, што гэта іх песня, але пасля высветлілася, што гэта народная пабная песня. Яна прысутнічае на нашым першым альбоме, які я і падараваў ім пасля канцэрту, — узгадвае Дзянісаў.
Праз дзесяць гадоў музыка звярнуўся да канадцаў і распавёў ім, што гурт Dzieciuki існуе да гэтага часу, але зараз знаходзіцца ў Польшчы.
— Нам бы хацелася злабаць з вамі на супорце, — узгадвае перапіску з канадскім гуртом Дзянісаў. — Прайшоў дзесьці месяц, мабыць больш — і яны адпісалі, што за. А таксама прапанавалі сыграць яшчэ і ў Кракаве. І ўсё — цяпер мы граем у іх на разагрэве.
Гурт The Real McKenzies быў заснаваны ў 1992 годзе ў Ванкуверы. Удзельнікі ствараюць музыку, якая сумяшчае старажытныя паданні аб подзвігах шатландскага народа і сучасныя агрэсіўныя гітарныя рыфы.
Сумесны канцэрт The Real McKenzies і Dzieciuki адбудзецца 3 жніўня ў Кракаве і 4 жніўня ў Варшаве. Дзянісаў дадае, што на канцэрте ў Dzieciuki будзе прыкладна 40 хвілін для выступлення. Музыкі абяцаюць «выдумаць штосьці такое, што абавязкова запомніцца слухачам».
Чытайце таксама: Як хаваўся на радзіме Церцеля, калі патрапіў на першы рок-канцэрт і адкуль у Гродне нацысты — інтэрв'ю Аляксандра Дзянісава