Абстрактную скульптурную кампазіцыю «Промні» вырашылі ўсталяваць у Ваўкавыску. Вышыня скульптуры — 5 м. На яе выраб і мантаж плануюць выдаткаваць 35 тыс. рублёў ($ 11,6 тыс.).
Сілавы каркас збяруць з сталёвых профільных труб для трываласці і геаметрычнай стабільнасці канструкцыі, унутры будзе пенапалістырол, ахоўны слой — з шклопластыку. Зверху канструкцыю пафарбуюць аўтамабільнай эмаллю і пакрыюць лакам.

Патэнцыйныя падрадчыкі на выраб і мантаж архітэктурнай скульптурнай кампазіцыі павінны былі даслаць свае прапановы ў Ваўкавыскую камунальную гаспадарку да 15 траўня.
Горад рыхтуецца да Дажынак
У 2025 годзе Ваўкавыск адзначыць 1020-годдзе горада, акрамя таго, там вырашылі правесці абласныя Дажынкі.
«Я прыхільнік таго, каб укласціся па максімуму ў рэгіён, зрабіць для жыхароў больш камфортныя ўмовы пражывання. Кожная вёска павінна адчуць, што ў раёне праходзяць „Дажынкі“. У нас Год добраўпарадкавання. Нікога не павінны забыць», — сказаў Юрый Караеў падчас абмеркавання падрыхтоўкі да святкавання.
Гарадскую прастору ўжо пачалі рыхтаваць — у парку абрэзалі дрэвы, каля Дома побыту спілавалі ніцыя вербы. У парку таксама збіраюцца абнавіць дарожкі, лаўкі, арэлі і пасадзіць кусты. У гэтым годзе ў Ваўкавыску плануюць пасадзіць 3600 дрэў — на пустых тэрыторыях і ўздоўж вуліц. Таксама пасадзяць 400 кустоў.
У 2004 годзе ў Ваўкавыску праходзілі рэспубліканскія Дажынкі.
Чытайце таксама: Сан-Ваўкавыск і Іўеандэлес. У Ваўкавыску камунальнікі апраўдаліся за абрэзку дрэў у парку, але праблема не там