Аляксандра вучыцца на псіхолага і вядзе блог. У TikTok дзяўчына расказала, колькі яны з сястрой патрацілі на паездку ў Гродна з Віцебска на выхадныя.
Да Гродна дзяўчаты дабіраліся цягніком. На білеты туды і назад пайшло 136 руб., яшчэ 8,3 руб. яны патрацілі на чай і прысмакі ў цягніку. Дарога заняла 12 гадзін. На таксі ад вакзала да кватэры пайшло яшчэ 5,7 руб. Жыллё на дваіх на двое сутак, знойдзенае праз “Куфар”, каштавала 290 руб.
Чытайце таксама: У Гродне на «майскія» ў паўтара раза выраслі цэны на арэнду кватэры
“Рамонт там быў, вядома, не самы новы, таму ўсім раю браніраваць апартаменты прама загадзя, асабліва калі гэта вялікія выхадныя”, – адзначыла дзяўчына.



У булачнай – “не надта эстэтык, але каб перакусіць, сыдзе” – дзяўчаты пакінулі 26,23 руб. Для культурнага адпачынку яны выбралі музей у Старым замку – 22 руб. каштавалі ўваходныя білеты. Яшчэ 27 рублёў яны аддалі за ўваход у Новы замак. Яны не расчараваліся: той, хто паедзе ў Гродна, “проста абавязаны” наведаць абодва замкі, лічыць Аляксандра.


На абед яны абралі кафэ “Дзюна” – ежа каштавала 80 руб. Аляксандра пахваліла інтэр’ер, меню і памер порцый. Пасля дзяўчаты схадзілі ў Фарны касцёл і краму сувеніраў “Лёля”, праўда, там купілі толькі паштоўку і яе цану не агучылі.


“Прысмакі на вечар” – дэсерты – абышліся ў 24,5 руб. Выніковая сума за дзень у Гродне склала 650,52 руб.
“Мне ажно пагоршала ад такой колькасці грошай патрачаных у Гродне, у Маскву з такім бюджэтам на выхадныя рэальна з’ездзіць”, – заўважыў карыстальнік Adriyan у каментарыях.
Праўда, пасля прызнаў, што з жыллём на два дні Масква выйдзе “крыху даражэй, але блізка”.



