У Гродне пачалі прадаваць «крамбл кукіс» — амерыканскае печыва з рознымі дадаткамі і салодкімі топінгамі. Дэсерт можна замовіць з дастаўкай у любую кропку горада.
«Крамбл кукіс» (англ. Crumbl cookies) — салодкае аўсянае печыва з дабаўленнем шакаладу, зефіру ці глазуры. Аднайменную амерыканскую кампанію заснавалі ў 2017, але найбольшую папулярнасць печыва атрымала год таму дзякуючы сацыяльным сеткам. У TikTok сталі з’яўляцца ролікі, дзе блогеры спрабуюць печыва і жахаюцца яго каларыйнасці. Пасля таго як «крамбл кукіс» сталі папулярныя, дэсерты пачалі гатаваць і ў Беларусі.
Печыва ў Гродне прадаюць праз Instagram-акаўнт Crunchi. У меню даступна дзевяць відаў на выбар. Oreo з крамчызам (6 руб.), матча (7 руб.), печыва з лавандавым-цытрынавым смакам (5 руб.) і карамельна-ванільнае печыва (6 руб.). Ёсць і класічныя спалучэнні накшталт «Нутэлы» (6 руб.), шакаладнай дробкі (5 руб.) і карамель-арахіса (6 руб).
Каларыйнасць гродзенскіх «крамбл кукіс» вар'іруецца ад 450 да 600 ккал у залежнасці ад начыння (верагодна, на печыва — Hrodna.life). Кожнае важыць каля 130 грам. Дэсерт можна замовіць у любую кропку горада праз «Яндэкс Дастаўку».
У каментарах гродзенцы адзначаюць, што каларыйнасць мясцовага печыва ў параўнанні з амерыканскім дэсертам «нават не такая забойчая». Напрыклад, каларыйнасць печыва з малочным шакаладам ад арыгінальнага вытворцы — 730 ккал. Каларыйнасць дэсерту з клубнічным крэмам — 950 ккал., з Oreo — 830 ккал.




Чытайце таксама: Кандытарка з Гродна зрабіла «трэндавыя прысмакі» на аснове маршмэлаў і выклікала ажыятаж сярод падлеткаў