Навіны

Падключыся або зачыніся: у Гродне патрабуюць выконваць норму, якой няма ў законе

Уладальніцу гродзенскага бара аштрафавалі на 210 рублёў за парушэнне начнога рэжыму працы. Аднак у цэнтры гісторыі не штраф. Мясцовыя ўлады патрабуюць ад яе тое, што не прадпісана законам.

Бар «Р», які належыць фірме «Н» (у інфармацыях з судоў падаюць толькі першую літару назвы — Hrodna.life), двойчы ў 2025 годзе працаваў пасля 23.00 без узгаднення з гарвыканкамам. За гэта ў красавіку 2025 года Эканамічны суд Гродзенскай вобласці аштрафаваў уладальніцу на пяць базавых велічынь — 210 рублёў.

Паводле беларускага заканадаўства, каб прадаваць алкаголь уначы — з 23:00 да 7:00 — бар мусіць атрымаць дазвол мясцовага выканкама. А выканкам, у сваю чаргу, вырашае, ці адпавядае заяўнік умовам Пастановы Савета Міністраў № 319.

Калі ўладальніца бара яшчэ ў 2024 годзе звярнулася па дазвол на працу ў начны час, Гродзенскі гарвыканкам ёй адмовіў. Сярод прычын адмовы — адсутнасць падключэння да рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.

Праблема ў тым, што такое патрабаванне ўжо не дзейнічае. З 2022 года яно выдалена з Пастановы Савета Міністраў № 319.

Што кажа закон?

Пастанова Савета Міністраў № 319, якая рэгулюе гандаль алкаголем уначы, з’явілася ў 2021 годзе і ўжо некалькі разоў абнаўлялася. У версіі, якая дзейнічае з 2022 года, выкраслена патрабаванне падключаць бары да рэспубліканскай сістэмы. Засталося толькі патрабаванне мець сістэму лакальнага відэаназірання. І гэта — не тое самае, што падключэнне да цэнтральнай «разумнай сістэмы», якая ў рэжыме рэальнага часу адсочвае сітуацыю і распазнае твары праз ШІ.

Увогуле патрабаванне мець лакальную сістэму відэаназірання не прывязана да начнога рэжыму працы. Яно дзейнічае з 2013 года для ўсіх устаноў грамадскага харчавання і рэгулюецца Пастановай Савета Міністраў № 1164. Іншымі словамі, закон не патрабуе падключаць бар да «разумнага назірання», нават калі ён працуе ноччу і прадае алкаголь.

Альбо чыноўнікі Гродзенскага гарвыканкама працуюць па састарэлых нормах, альбо свядома выстаўляюць патрабаванні, якіх няма ў законе.

Што такое «разумнае відэаназіранне»?

Рэспубліканская сістэма маніторынгу — гэта сетка камер, падключаных да цэнтральнай платформы, якая працуе з тэхналогіямі штучнага інтэлекту. Яна можа распазнаваць твары, адсочваць перамяшчэнні людзей і нават чытаць нумарныя знакі.

Улады называюць сістэму «гарантам бяспекі», аднак грамадскія арганізацыі адзначаюць, што яна таксама выкарыстоўваецца для кантролю і палітычнага пераследу. Напрыклад, паводле расследавання ByPol, менавіта дзякуючы гэтай сістэме быў затрыманы журналіст Мікалай Дзядок у 2020 годзе.

Паводле МУС, у 2025 годзе па ўсёй Беларусі працуюць ужо 60 тысяч такіх камер. Выбуховы рост колькасці такіх камер адбыўся цягам апошніх пяці гадоў - у канцы 2020 года іх было толькі 700.


Далучайцеся да тых, хто ўжо нам дапамагае, каб свабодны гарадзенскі голас не замаўчаў! Падтрымайце Hrodna.life данатам!

Падзяліцца

Апошнія запісы

Банкруціцца гродзенская IT-кампанія, якая супрацоўнічала з фірмамі з Канады і ЗША

Гродзенская IT-кампанія "Цэнтр Прагрэсіўных Распрацовак" падала заяву аб банкруцтве. Доўг фірмы - амаль 302 тыс.…

12 мая 2025

Гатовы бізнэс: на «Куфар» прадаюць бота для запісу на польскую візу

На пляцоўцы «Куфар» з'явіліся аб'явы аб продажы гатовых ботаў, якія дапамагаюць адшукаць і заняць вольныя…

12 мая 2025

У Гродне прадаецца рэстаран «Сант Микеле»: прапрацаваў 2 гады

Італьянскі рэстаран "Сант Микеле" з піцамі і элементамі малекулярнай кухні выставілі на продаж. Пра прычыны…

12 мая 2025

У Поразаве адкрыюць Дом банкухі. Яна прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю

У найбліжэйшыя месяцы ў Поразаве плануюць адкрыць Дом банкухі. Тут можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класе…

10 мая 2025

На ўліку — 30 чалавек. Міліцыя ўладковае на сезонныя працы былых зняволеных

Міліцыя Гродна адпраўляе адбыўшых пакаранне на працы ў Гродзенскую агароднінную фабрыку. Зараз на ўліку ў…

10 мая 2025

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру на 16 паверсе з ільвом і дэкаратыўным камінам

На Дзевятоўцы прадаюць трохпакаёвую кватэру на апошнім паверсе 16-павярховага дома. Акрамя шыкоўнага выгляду на палі…

10 мая 2025