Сілавікі прыйшлі да маці журналіста і блогера Валерыя Руселіка ўвечары 9 красавіка. Яны былі ў цывільным. Сярод іншага пыталіся, ці ёсць у яго тату і шнары і які ў яго рост. У каментарах мяркуюць, што на яго збіраюць “арыентоўку”.

Валерый мяркуе, што яго фота можа з’явіцца ў аддзеле міліцыі. “ну, ведаеце, усе гэтыя стэнды ў мянтоўках з раздрукаванымі фоткамі і надпісам “их ищет милиция”, – піша ён.

Таксама сілавікі пыталіся, дзе Валерый жыве, ці збіраецца вяртацца ў Беларусь, ці кантактуе з мамай. Перапісалі дадзеныя яго блізкіх сваякоў.

“ці зьвязваю я гэты інцыдэнт з маім вяртаньнем на “белсат”? не. маю маму, сталую жанчыну са слабым здароўем, гэтыя ўёбкі тэрарызуюць ужо шмат гадоў – і калі працаваў на “белсаце”, і калі не працаваў, і вось цяпер. толькі сёлета прыходзілі некалькі разоў. чапляюцца і да іншых маіх блізкіх”, – расказаў Руселік у Facebook.


Журналіст Валерый Руселік родам з Гродна. У красавіку вярнуўся працаваць на тэлеканал “Белсат”. Таксама ён вядзе свой YouTube-канал daroha, дзе распавядае пра падзеі ў Беларусі, публікуе анімацыю і песні. У яго ёсць TikTok-канал Vytoki, дзе блогер распавядае цікавыя факты пра Беларусь. Яго сацсеткі прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем. У сакавіку 2024 года супраць яго распачалі крымінальную справу.