У Гродне рыхтуюцца да святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы аб’яднаюць пад канцэпцыяй кіно: лакацыі ў цэнтры прысвецяць васьмі фільмам пра вайну. А напярэдадні, 4 траўня, на Савецкай плошчы будуць рэканструяваць узяцце Рэйхстага. Замест яго возьмуць Палац культуры тэкстыльшчыкаў, над якім ўзвядуць купал і ўсталююць савецкі сцяг.
Напярэдадні свята, 4 траўня, на плошчы Савецкай пройдзе рэканструкцыя ўзяцця Рэйхстага. У гэтым эпізодзе будуць удзельнічаць ваенныя ў форме перыяду Другой сусветнай вайны. У якасці Рэйхстага выкарыстоўваюць Палац культуры тэкстыльшчыкаў. Над ім узвядуць купал. Само «ўзяцце» будзе доўжыцца 20 хвілін, а пасля гэтага на купал над ДК усталююць чырвоны сцяг з сярпом і молатам. Таксама на прыступках “Рэйхстага” выступяць артысты.
Цыкл мерапрыемстваў да свята назавуць “У кожным кадры Перамога”, распавёў начальнік аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Дзяніс Чарняк для “Гродна Плюс”. Такую назву выбралі, бо ў Гродне знята больш за 50 фільмаў, у тым ліку і пра Вялікую Айчынную вайну. Уся святочная праграма будзе звязана з тэмай ваенных фільмаў, а лакацыі ў цэнтры горада ператвораць у сцэнічныя пляцоўкі для ўзнаўлення іх эпізодаў.
Праграма на 9 траўня
Асноўныя ўрачыстасці стартуюць 9 траўня з шэсця “Беларусь памятае”, якое пройдзе ад плошчы Савецкай да плошчы Леніна. Пасля шэсця адбудзецца мітынг, а затым адкрыюцца тэматычныя лакацыі ў цэнтры горада: на плошчы Леніна, у парку Жылібера, на вуліцы Савецкай і на Савецкай плошчы.
У гэтым годзе ў Гродне арганізуюць парад ваеннай тэхнікі, які не праводзіўся ў апошнія гады. У ім плануюць удзел каля 30 адзінак тэхнікі.
Навінкай свята стане “Вуліца кіно” на вуліцах Савецкай і Ажэшкі. Тут будуць узнаўляць сцэны з васьмі вядомых фільмаў пра Вялікую Айчынную вайну.
Асноўная сцэна будзе на плошчы Леніна. На працягу ўсяго дня там будзе ісці канцэртная праграма. Увечары выступіць хэдлайнер – папулярная артыстка з Расіі.
На Савецкай плошчы арганізуюць кінатэатр пад адкрытым небам, дзе ўвесь дзень можна будзе глядзець фільмы пра Вялікую Айчынную вайну.
Чытайце таксама: Сцяг Перамогі над драмтэатрам, каша ў кубачках і сплаў з партрэтамі. Як Гродна адзначыў Дзень Перамогі



