Гродзенец Ігар Апякун канструюе мэблю для круізных лайнераў - стварае прататыпы праз спецыяльную праграму. Ігар вырашыў паэксперыментаваць з прадметамі больш складанай формы — так ён стварыў дакладную копію Фарнага касцёла, а зараз распрацоўвае фігурку Каложы. Пра гэта гродзенец распавёў у Facebook-групе «Гродна».

У дзяцінстве рабіў фігуркі з кардона, у дарослым узросце — на 3D-прынтары

Мадэляваннем Ігар захапляўся з дзяцінства, праўда тады рабіў мадэлькі з кардона. У дарослым узросце хобі перарасло ў прафесію — гродзенец стаў канструктарам. Працуючы ў спецыяльнай праграме для мадэлявання, мужчына ўбачыў, што там ёсць опцыя 3D-друку. Акрамя канструявання мэблі для лайнераў, Ігар вырашыў паспрабаваць зрабіць больш складаныя мадэлі.

«Мяне зацікавіла. Падумаў, што можна зрабіць нешта больш складанае — у мяне мама ўвесь час ходзіць у (Фарны — рэд.) касцёл. І я вырашыў зрабіць ёй падарунак, так і атрымалася», — апісваў у Instagram працэс стварэння фігуркі Ігар.

Гродзенец стварыў дакладную копію Фарнага касцёла ў мініяцюры — і друкуе фігуркі на 3D-прынтары
Мініяцюры Фарнага касцёла. Фота: Facebook-група «Гродна»

Стварэнне прататыпа заняло месяц, друк — некалькі гадзін

На распрацоўку прататыпа спатрэбіўся месяц. Ігар адзначае, што гатовых чарцяжоў Фарнага касцёла няма. Таму гродзенец самастойна вывучаў архітэктуру будынка і прапорцыі, рабіў фатаграфіі, каб пасля спраектаваць мадэль у праграме.

Друк фігуркі на 3D-друкарцы займае пяць гадзін. Даўжыня — усяго 6 сантыметраў. Самая маленькая дэталь фігуркі - крыж на вежы, таўшчыня якога 0,1 мм.

«Гэта вялізная дэталізацыя, раней даступная толькі самым прасунутым ювелірам. У мадэлях перададзены ўсе надпісы, якія ёсць на храме — над уваходам і на пастаменце Ісуса. Перадаў усе нюансы».

Ігар дадае, што яшчэ 20 гадоў таму аб стварэнні настолькі дэталізаванай фігуркі можна было толькі марыць. Такая дакладнасць стала магчымай дзякуючы з’яўленню новых тэхналогій канструявання.

Цяпер мужчына хоча распрацаваць мадэль Каложы. «У ёй самая вялікая складанасць — устаўкі ў выглядзе крыжоў з каляровага каменя. Тут жа важна супаставіць магчымасці візуалізацыі і тэхнічных інструментаў, якімі я валодаю. Намаляваць можна ўсё што заўгодна, а ўвасобіць — праблема. Буду думаць, як зрабіць так, каб усё было дакладна».

Дзе адшукаць фігуркі гродзенца

Ігар зрабіў некалькі варыянтаў фігурак Фарнага касцёла: празрыстую, пакрытую залацістай і срэбнай фарбай, а таксама калекцыйную — мадэль размаляваная па падабенстве арыгінала. Некалькі фігурак гродзенец перадаў у сувенірную краму Friends у ЦУМе, прадаюцца мадэлі і ў сувенірнай краме каля сінагогі.

Таксама купіць мадэлі Фарнага касцёла можна праз Instagram-акаунт гродзенца. Кошт фігурак пачынаецца ад 35 руб.

Чытайце таксама: «Настальгія ў вашых руках». Гродзенцы па фатаграфіях узнаўляюць мініяцюрныя пакоі з дзяцінства