Усяго 8% назваў вуліц Гродна звязаны з савецкімі і расійскімі вайсковымі дзеячамі і камуністамі, якія не маюць дачынення да гісторыі Беларусі. Іх назвы варта змяняць у першую чаргу, мяркуе актывіст Алесь Чайчыц.
Яшчэ 16% назваў змяніць варта, але ў другую чаргу. 66% назваў можна лічыць нейтральнымі і не змяняць. Для параўнання: у Мінску тэрміновага перайменавання патрабуе ўжо 10% назваў, а яшчэ 23% — пажадана перайменаваць. Гэта вынікае з аналізу тапанімічнай прасторы Гродна, які Алесь Чайчыц прэзентаваў на круглым стале «Урбананімічная прастора Беларусі» ў Вільні.
Якія назвы дамінуюць у Гродне
Большасць назваў у Гродне звязана з прыродай і геаграфіяй — 154 аб’екты. Далей ідуць эканоміка, інфраструктура і палітычна нейтральныя ўстановы (90) і іншыя палітычна нейтральныя назвы (89).
Наступная па колькасці катэгорыя ўжо больш ідэалагічна афарбаваная — 85 тапонімаў прысвечаны расійскім і савецкім вайскоўцам. 74 назвы — гістарычным асобам, 67 — рэгіянальнай геаграфіі, 41 — беларускім дзеячам навукі і культуры.
Таксама адзначаюцца:
- 36 назваў у гонар расійскіх бальшавікоў,
- 34 — беларускіх вайскоўцаў, што служылі савецкаму або царскаму рэжыму,
- 27 — звязаныя з камуністычнай ідэалогіяй,
- 25 — расійскія дзеячы навукі і культуры,
- 21 — беларускія камуністы і савецкія цывільныя дзеячы з Беларусі,
- 15 — дзяржаўныя дзеячы і вайскоўцы Беларусі.
Чытайце таксама: Камандаваў савецкімі танкамі ў верасні 1939-га. Вуліцу ў Гродне перайменавалі ў гонар Івана Якубоўскага
Менш прадстаўленыя ў гарадской прасторы:
- палітычна нейтральныя савецкія назвы (10),
- назвы, што патрабуюць вяртання гістарычных (8),
- тапонімы з іншых краін (8),
- расійская гісторыя (7),
- грамадскія дзеячы Беларусі (5),
- дзеячы рэжыму Лукашэнкі (5),
- камуністы з трэціх краін (1),
- падзеі гісторыі Беларусі (1).

Навошта мяняць назвы вуліц?
Важна пачаць з аналізу існуючых назваў, каб паказаць маштаб праблемы і падрыхтаваць глебу для грамадскай дыскусіі і вяртання гістарычнай справядлівасці, мяркуе Чайчыц. Назвы вуліц — гэта не проста гісторыя, а форма ўшанавання, таму нельга пакідаць у прасторы тыя, што праслаўляюць варожыя Беларусі рэжымы, падкрэсліў ён. Асноўная праблема — гэта прысутнасць у тапаніміі савецкіх і расійскіх вайскоўцаў, а таксама неабходнасць грамадскай дыскусіі аб перайменаванні менш спрэчных назваў.
Чайчыц адзначыў, што Гродна лепш за Мінск захавала гістарычную памяць, бо тут больш назваў у гонар беларускіх дзеячаў і паўстанцаў, у тым ліку паплечнікаў Каліноўскага. У Мінску ж шмат тапонімаў, звязаных з расійскімі гарадамі і імперскай геаграфіяй.

Даследчык таксама нагадаў, што ў Гродне ёсць вуліцы, названыя ў гонар гарадоў Польшчы і Літвы, што адлюстроўвае культурную і гістарычную блізкасць рэгіёна.
Чытайце таксама: Беларусы прапанавалі перайменаваць вуліцу Маркса ў Ваўкавыску — вось што адказалі чыноўнікі
Hrodna.life — некамерцыйнае незалежнае выданне для гродзенцаў у Гродне і беларусаў па ўсім свеце. Падтрымайце нас, каб захаваўся незалежны і крытычны голас, які па-беларуску расказвае важныя гісторыі. Калі гэта бяспечна для вас, вы можаце перавесці нам данат праз форму ніжэй або праз зручную платформу Buy Me a Coffee.
Далучайцеся да тых, хто ўжо дапамагае! Мы працягваем працаваць дзякуючы вашай падтрымцы!