У Гродне ноччу 26 сакавіка ў гаражным масіве спынілі хлопца. Яго хацелі адвезці ў пастарунак для высвятлення асобы, а ён зламаў руку міліцыянту і скокнуў у раку. Аказалася, ён ужо знаходзіцца ў вышуку за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
Затрыманне адбылося каля 23.00 26 сакавіка. Па словах сілавікоў, мужчына здаўся ім падазроным. У яго пры сабе не было дакументаў. Імя, якое ён назваў, не было ў іх базе. Хлопца хацелі адвезці ў пастарунак, тады ён зламаў чалавеку руку і скокнуў у раку, каб збегчы. Але яго затрымалі.

У пастарунку мужчыну апазналі. Аказалася, у жніўні 2020 года на акцыі пратэсту ён распыліў у твар сілавікам газавы балончык. Тады ён пакінуў краіну, а потым нелегальна вярнуўся ў Беларусь. Тут ён хаваўся ад крымінальнага пераследу.
Верагодна, затрыманы — гродзенец Мікіта Самарын. Яго асудзілі на чатыры гады «хіміі», а пазней замянілі пакаранне на 2,5 гады калоніі. Пры затрыманні яго збілі і абрэзалі валасы нажом.
Міліцыянта са зламанай рукой шпіталізавалі.