Інвестар рэканструкцыі гродзенскага піўзавода паказаў, якой будзе тэрыторыя комплекса пасля завяршэння рэканструкцыі. У планах шмат лесвіц і кветак — але гродзенцы ў каментарыях адзначаюць недахоп дрэваў.

На візуалізацыях бачна, як гістарычныя будынкі пераўтвараюцца ў сучасную грамадскую прастору з кафэ, офісамі і зонамі для адпачынку. Старыя фасады захаваюць аўтэнтыку: светлы тынк, чырвоныя дахі, дэкаратыўныя элементы. Побач узводзяцца новыя будынкі з мінімалістычным дызайнам і вялікімі шклянымі фасадамі. Яны не перашкаджаюць старой архітэктуры, а ствараюць гарманічны кантраст.

Тэрыторыя вакол стане адкрытай для ўсіх. У комплексе збіраюцца абыграць перапады вышынь, стварыць шматузроўневую прастору і азеляніць яе асобнымі кветнікамі з высокімі злакавымі і хмызамі, абсталяваць камерныя зоны для адпачынку. З’явяцца тэрасы, лаўкі, лесвіцы і пандусы. Пераважна тэрыторыю плануюць забрукаваць пліткай і каменем. Рэканструкцыя ператварае былы прамысловы аб’ект у сучасную гарадскую лакацыю для жыхароў і турыстаў.

У Instagram каментары заўважылі, што на тэрыторыі комплексу не хапае дрэваў. Магчыма, гэта абумоўлена шматлікімі падваламі і камунікацыямі, размешчанымі пад зямлёй. У такім выпадку дрэвы прапанавалі размясціць прынамсі ў кадках, або абраць віды з гарызантальнай карнявой сістэмай.


Hrodna.life — некамерцыйнае выданне, якія публікуе важныя для беларусаў навіны. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта бяспечна для вас.

Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!