Гродзенскі гарвыканкам абвясціў конкурс на праект скульптуры для сквера на вуліцы Дарвіна. Скульптура будзе прысвечана закаханым і выкананая ў класічным манументальным стылі.
Манументальна-дэкаратыўную скульптуру вырашылі ўсталяваць на высокім беразе Нёмана, каля моста над Гарнавых, насупраць ратонды.



Скульптура будзе складацца з аднаго або некалькіх элементаў, якія адлюстроўваюць тэму закаханых. Выкананне скульптуры павінна быць «вытрымана ў найлепшых традыцыях класічнага манументальнага мастацтва, мэтай пошуку найбольш выразнага і мастацкага вобраза закаханых», адзначылі ў гарвыканкаме. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюць прафесійных скульптараў і архітэктараў.
Конкурс правядуць «усляпую»: імя аўтара камісія даведаецца толькі пасля таго, як абярэ пераможцу.
Для ўдзелу трэба да 30 красавіка ўключна падаць свае матэрыялы ва ўпраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама па адрасе: 230 023, г. Гродна, пл. Антонія Тызенгаўза, 3. Кантактныя тэлефоны: +375 152 62 69 93, +375 152 62 69 90, +375 152 44 74 32.
Планы на сквер
Пра тое, што сквер на Левабярэжнай атрымае назву і канцэпцыю, у пачатку года казаў кіраўнік гарвыканкама Андрэй Хмель. Сквер вырашылі назваць «Скверам сустрэч». На прапанову гродзенцаў там збіраюцца паставіць бронзавую фігуру дзяўчыны ў абдымках хлопца. Як назваць гэты сквер, чыноўнікі думаюць ужо некалькі гадоў. У 2021 годзе назву хацелі звязаць з бізнесам і нават аб’яўлялі конкурс, але імя сквер у цэнтры горада дагэтуль так і не атрымаў.