На сайце службы занятасці можна выбраць вакансіі для тых, хто ўпершыню шукае працу ва ўзросце да 21 года. Паглядзелі, на што маладыя людзі могуць прэтэндаваць.

Для такой катэгорыі ў Гродне ёсць усяго чатыры вакансіі:

Санітар або санітарка ў Гродзенскую абласную станцыю хуткай медыцынскай дапамогі. Дастаткова агульнай сярэдняй адукацыі. Праца будзе ў выязной брыгадзе, са зменным графікам па 12 гадзін. Ёсць начныя змены. Заробак – 800-900 рублёў. Ёсць два працоўныя месцы.

Мэнэджара шукаюць у ТАА “МВ-Чёткость”. Арганізацыя займаецца “аптовым гандлем іншымі машынамі і абсталяваннем, не ўключанымі ў іншыя групоўкі”. Заробак – 750-2250 рублёў. Сюды возьмуць з агульнай базавай адукацыяй. Затое патрабуюць 11 гнуткіх навыкаў, уключаючы перакананне і імправізацыю.

Яшчэ аднаго мэнэджара возьмуць у тым жа «МВ-Чёткость». Зарплата паменш – 750-1250 рублёў. Трэба ўмець выяўляць патрэбы кліента, апрацоўваць пярэчанні і суправаджаць здзелкі.

Слесар па рамонце парагазатурбіннага абсталявання патрэбен у “Гроднаэнерга”. Заплацяць 1350-1450 рублёў. На прадпрыемстве дзейнічае сістэма стымулюючых выплат (за добрую працу або да святаў).

У вобласці такіх працоўных месцаў – 39. У асноўным гэта працоўныя прафесіі.

Чытайце таксама: Гасцінец большы за зарплату і сезонныя працы. Якія вакансіі прапануюць гродзенцам для падпрацоўкі?