Партрэт шляхціца Юзафа Прушыньскага аўтарства мастака Карпіса выставілі на польскім інтэрнэт-аукцыёне Allegro. Гістарычны канал Hrodna 11:27 звярнуў увагу на цікавую дэталь — на адваротным баку карціны пазначана, што яна была падарункам для музея ў Гродне ў 1924 годзе. «Наша Ніва» высунула версію, як прадмет мастацтва праз 100 гадоў мог у выніку апынуцца ў прыватных руках у Польшчы.
Карціну выставіў на продаж чалавек па імені Пшэмыслаў з польскага горада Каліш. Гледзячы па яго профілі, ён займаецца продажам антыкварыяту і прадметаў мастацтва. Карціну набылі за 2150 злотых (каля 1770 рублёў).



Хто на партрэце і як карціна звязана з музеем у Гродне
Выяўлены на партрэце Юзаф Прушыньскі — відаць, прадстаўнік заможнага шляхецкага роду, які валодаў маёнткамі ў былым Мінскім ваяводстве. Аўтар партрэта — мастак М.Карпіс, біяграфія якога невядомая. Вядомы ягоны партрэт Люцыяна Данейкі, намаляваны ў 1859 годзе ў Навагрудку.
З адваротнага боку можна прачытаць, што карціну падарыў гродзенскаму музею 20 траўня 1924 года нейкі М. Талочка (M. Tołłoczko). Музей, створаны па ініцыятыве Юзафа Ядкоўскага, працаваў тады ў Гродне ўсяго два гады і яшчэ не паспеў пераехаць у Стары замак. Ён размяшчаўся ў комплексе будынкаў староства (цяпер — комплекс будынкаў за рэстаранам «Каралеўскае паляванне» і аблвыканкамам на вуліцы Ажэшкі). Сённяшні Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей — прамы нашчадак міжваеннага музея Ядкоўскага.
Як карціна з Гродна патрапіла ў Польшчу
На раме ёсць інвентарны нумар 82, побач з якім у стылізаванай літары М змешчаны шыфр Б130. Апазнаць гэты інвентарны сімвал пакуль не ўдалося.
Перад нападам нацысцкай Германіі на СССР у 1941 годзе музеі, якія знаходзіліся ў заходняй і цэнтральнай частках БССР, эвакуіраваць не паспелі. З Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея ў Беласток, а потым у Германію было вывезена каля 200 прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, 4370 старажытных манет і медалёў, 626 кніг і 45 карцін.
Пасля вайны савецкая ваенная адміністрацыя ў Германіі перадала БССР каля 15 тысяч музейных прадметаў, якія былі змешчаны ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей і Акадэмію навук БССР.
Паводле «Нашай Нівы», гэта карціна або тады не вярнулася на тэрыторыю Беларусі, або яе па нейкай прычыне спісалі з фондаў савецкага музея. Але пацвярджэння ці абвяржэння гэтых версій няма.