На першым паверсе ў памяшканнях былой адміністрацыі Ленінскага раёна на Савецкай 10 і 14 з’явяцца крамы беларускіх брэндаў адзення, на другім — офісы і beauty-студыі. Новыя гаспадары гістарычнага будынка знайшлі падлогі, не адлюстраваныя ў планах, а рамонтныя работы ўзгадняюць з гродзенскім гісторыкам Андрэем Вашкевічам.

Што будзе на трэцім паверсе будынкаў XVI і XVIII стст., уладальнікі пакуль не раскрываюць, паведамляе «Гродна Плюс». У двары плануюць адкрыць установы грамадскага харчавання, ужо вядома пра новую кавярню. Нядаўна ў найстарэйшым будынку на Савецкай, 14, дзе быў шпіталь Святога Духа, а пасля гатэлі і нямецкі ваенны пансіянат, знайшлі падвальнае памяшканне, у якім быў рэстаран. У працэсе рамонтна-будаўнічых работ у будынках знайшлі засыпаныя падлогі, не адлюстраваныя на планах будынкаў, і пра якія раней не было вядома.

Пошук арандатараў яшчэ ідзе: аб’явы ў Instagram і на «Куфары» актыўныя.

Памяшканні былой адміністрацыі купіла мінская прыватная кампанія на аўкцыёне за 4,9 млн рублёў у лістападзе 2024 года. Да гэтага яны пуставалі два з паловай гады. Цяпер рамонтна-будаўнічыя работы ўжо ідуць. Па ўмовах, будынкі павінны здаць на працягу чатырох гадоў. Гэта не першы гістарычны аб’ект, з якім працуюць інвестары.