Былыя яслі па вуліцы Васілька, 5 (суседні будынак з літоўскім консульствам) вырашылі ператварыць у шматкватэрны жылы дом. Там павялічаць плошчу забудовы і колькасць паверхаў.
Будынак падключаць да электразабеспячэння, водаправоду, каналізацыі і ацяплення. Альтэрнатывай можа быць уладкаванне міні-кацельні на біямасе. На прылеглай тэрыторыі абсталююць дарожкі і азеляненне. Дрэвы і хмызнякі каля будынка паспрабуюць захаваць, а ў выпадку іх выдалення арганізуюць кампенсацыйныя пасадкі. Уладкаванне новых парковачных месцаў праект не прадугледжвае.
Сам будынак, узведзены ў 1911 годзе, не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, але знаходзіцца на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Гродна».
Правядуць грамадскія абмеркаванні
Праграму правядзення ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) рэканструкцыі будынка ясляў па вул. Міхася Васілька, 5 пад шматкватэрны малапавярховы жылы дом апублікаваў Гродзенскі гарвыканкам.
Справаздачу аб АУНА падрыхтуюць у сакавіку-красавіку, а самі грамадскія абмеркаванні пройдуць у красавіку-траўні 2025 года. Сход па абмеркаванні справаздачы аб АУНА правядуць у траўні-чэрвені, а ў чэрвені-ліпені збіраюцца прыняць рашэнне аб планаванай дзейнасці.
Рамонт у будынку ўжо пачыналі
Па розных дадзеных, раней у больш чым стагадовым будынку на Васілька, 5 была яўрэйская малітоўная школа, або дом, які належаў памешчыку Кандратовічу. З 1950 года быў дзіцячы яслі-сад № 1. У 2018 годзе двухпавярховы асноўны будынак службовыя пабудовы савецкага часу і тэрыторыю ў 25 сотак у 2018 годзе горад аддаў праваслаўнай царкве ў безаплатнае карыстанне. Будынак пачалі рыхтаваць пад сацыяльны цэнтр «Васількі» і пякарню «Пчала». Там людзі з інваліднасцю змаглі б рабіць крафтавы хлеб для гродзенцаў і прасфоры для цэркваў. У асноўным будынку збіраліся надбудаваць мансардны паверх. З 2021 года старонкі праектаў у сацсетцы перасталі абнаўляцца.
Будынак выстаўлены на продаж у кастрычніку 2023 года за 914 669,12 руб. ($ 277,5 тыс.). Пазней ён патаннеў на 20%.
Зараз заказчык планаваных работ — ТАА «СпектрІнвестГрупп». Кампанія займаецца здачай у наём уласнай і арандаванай нерухомай маёмасці.