На продаж выставілі трохпавярховы будынак, які знаходзіцца на Гараднічанскай, 23. Пакупнік можа пераабсталяваць пабудову пад офісны цэнтр ці гандлёвае памяшканне. Адпаведная інфармацыя з’явілася на сайце «Магазін нерухомасці».

Цагляны будынак 1890 года пабудовы знаходзіцца ў гістарычнай частцы Гродна. Яго агульная плошча складае амаль 930 м. кв., вышыня столяў - 3,5 метра.

Унутры зроблены рамонт. Будынак ацяпляецца, да яго падключана электрычнасць і водазабеспячэнне. Ёсць вентыляцыя, пажарная сігналізацыя і інтэрнэт.

Пабудову можна пераабсталяваць пад офісны цэнтр ці гандлёвае памяшканне.

Кошт будынка — амаль 6 млн руб. ($ 1,8 млн.).

Дом на Гараднічанскай — прыклад удалай рэстаўрацыі

Пабудову ў стылі эклектыкі ўзвялі ў 1890 годзе. Па некаторых дадзеных, дом складаецца з двух злучаных пабудоў. У 1930-х гадах ён належаў сям'і Аўгусевіч, якая здавала там кватэры. У 1944 г. у будынку размяшчаўся хоспіс пры Фарным касцёле, у 50-я — дом інвалідаў, а пасля паліклініка Гродзенскага раёна.

Браты Скок купілі будынак у 2010 годзе, але прыступілі да рэканструкцыі толькі ў 2018 годзе. Уласнікі ставілі для сябе задачу цалкам захаваць старажытную пабудову і паказаць яе аўтэнтычнасць.

У асабняку пасля рэстаўрацыі захавалася арыгінальная лесвіца, старая плітка і карнізы. Адноўлены былі арыгінальныя балконы. Не змяніўся і фасад будынка з ляпнінай. Навуковым кіраўніком рэстаўрацыі аб’екта быў Раман Забела. Дызайнам інтэр'еру займалася Ірына Варкулевіч.

Чытайце таксама: У будынку на Гараднічанскай, 23 праходзілі мастацкія выставы — вось як гэта выглядала