Гродзенца, на якога падаў заяву Азаронак, абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве. У Ваўкавыску судзяць Эдуарда Бабарыка. Палітвязень Дзяніс Івашын адбыў у ШІЗА 15 сутак. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 17 па 23 лютага.

Папаўненне спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў

  • Telegram-канал «Digital Intelligence Team», сайт intelligenceby.org і візуальны матэрыял (па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 14 лютага),
  • Instagram-акаўнт «freedom_way_to_belarus» і яго лога (па рашэнні суда Астроўскага раёна ад 14 лютага),
  • Telegram-канал Telegram-канал «Пул Министерства обороны Республики» (па рашэнні суда Лідскага раёна ад 17 лютага).

Гродзенца, на якога падаў заяву Азаронак, абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве

Жыхара Гродна Ягора Сацішура абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч.1 арт. 356 КК). Згодна з раскладам судовых пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда, яго справу пачнуць разглядаць 3 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле звестак праваабаронцаў, Сацішуру 22 гады. Ён быў студэнтам юрыдычнага факультэта Брэсцкага ўніверсітэта, але пазней пераехаў у Польшчу.

У інтэрв'ю расійскай журналістцы Ксеніі Сабчак прапагандыст Азаронак заявіў, што падаў заяву на Сацішура. Сабчак, вывучаючы дакументы, выявіла пастанаўленне, у якой Азаронак фігуруе як пацярпелы па справе. Яна зачытала яго дэталі на камеру. У пастанове пазначана, што Сацішур нібыта сабраў і перадаў замежнай дзяржаве персанальныя дадзеныя прапагандыста.

Егор Сатишур. Фото: "Вясна"
Ягор Сацішур. Фота: «Вясна»

У Ваўкавыску судзяць Эдуарда Бабарыка

Суд па арт. 411 ч. 2 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі» пачаўся ў судзе Ваўкавыскага раёна 20 лютага. Судзіць яго Мікалай Сяргейка.

Эдуард быў асуджаны на восем гадоў калоніі. Год таму яму ўжо дадалі два гады пазбаўлення волі за непадпарадкаванне калоніі.

Эдуард Бабарико. Фото: "Вясна"
Эдуард Бабарыка. Фота: «Вясна»

Новыя «экстрэмісты»

Колабаў Дзмітрый Аляксандравіч і Бабаеў Цімур Азізагаевіч з Гродна 21 лютага папоўнілі «спіс экстрэмістаў».

Палітвязень Дзяніс Івашын адбыў у ШІЗА 15 сутак

Ён быў там з 4 па 18 лютага. Такое заключэнне робіць яго жонка Вольга з атрыманай карэспандэнцыі.

«Цешыць, што Дзяніс пасьля пераводу ў звычайную камэру атрымаў кіпу нашых лістоў і паштовак. То ўжо яму будзе, чым заняцца бліжэйшы час, а мы чакаем на новую карэспандэнцыю ад нашага ваяра», — піша яна.

Денис Ивашин. Фото жены политзаключенного
Дзяніс Івашын. Фота жонкі палітвязня

Экс-палітвязень з Гродна Арцём Баярскі плануе аднавіцца на хімфаку БДУ

Былы студэнт хімфака БДУ Арцём Баярскі, які ў канцы 2024 года выйшаў на волю па памілаванні, плануе аднавіцца ў ВНУ і працягнуць навучанне па той жа спецыяльнасці. Пра гэта малады чалавек расказаў дзяржтэлеканалу АНТ, піша Zerkalo.io.

З Арцёмам Баярскім прапагандысты пагутарылі падчас «групавога выхаваўчага мерапрыемства», якое гродзенскія сілавікі правялі для асуджаных па пратэстных артыкулах, якія стаяць на ўліку. Малады чалавек распавёў, што вядзе «правапаслухмяны лад жыцця».

-Цяпер знайшоў працу ў будаўнічай краме, стажыруюся. Планую, калі атрымаецца і мяне прымуць, аднавіцца ў БДУ на тую ж спецыяльнасць і вучыцца, — падзяліўся Арцём.

Артем Боярский. Фото: Zerkalo.io
Арцём Баярскі. Фота: Zerkalo.io

Начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама распавёў пра памілаваных палітвязняў

-За кожным з памілаваных ёсць паручыцелі, якія абавязваюцца выплаціць ад 30 да 500 базавых велічынь (ад 1260 да 21 000 рублёў) у выпадку, калі гэтыя людзі здзейсняць якія-небудзь правапарушэнні, у тым ліку звязаныя з экстрэмізмам, — заявіў кіраўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Рэзянкоў, піша Zerkalo.io. — На сённяшні дзень ніводнага такога выпадку па Гродзенскай вобласці не зарэгістравана. Успамінаюць усё як страшны сон. І на сённяшні дзень максімальна гатовыя вярнуцца ў грамадства з тым, каб быць карыснымі нашай дзяржаве.

Паводле звестак дзяржаўнага тэлеканала СТБ, усяго з 2020-га ў Гродзенскай вобласці па палітычных матывах асудзілі 300 чалавек. «Кожны дзясяты быў памілаваны», — адзначылі супрацоўнікі канала.

У калоніі, дзе трымаюць Эдуарда Бабарыка, змяніўся начальнік

У калоніі № 11 у Ваўкавыску змяніўся начальнік. 46-гадовы палкоўнік Віктар Дуброўка, які кіраваў калоніяй з 2013 года, атрымаў павышэнне. Цяпер ён першы намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў па Гродзенскай вобласці, піша «Наша Ніва».

Яго месца на чале калоніі заняў 44-гадовы падпалкоўнік Віталь Шафаловіч. Ён раней працаваў у гэтай калоніі, доўгі час быў оперупаўнаважаным аператыўнага аддзела.

Виктор Дубровка. Фото: "Наш час"
Віктар Дуброўка. Фота: «Наш час»

У Польшчы закрылі справу аб давядзенні беларускага экс-палітвязня да самагубства

Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы ў лістападзе 2023 года. Тады варшаўская пракуратура распачала справу за давядзенне да самагубства. Аказалася, справу закрылі ў тым жа годзе. Пра гэта рэдакцыя Hrodna.life даведалася з адказу пракуратуры.

Кирилл Кетурко. Скриншот из передачи "Мы вернемся"
Кірыл Кетурка. Скрыншот з перадачы «Мы вернемся»

Дырэктара прадпрыемства з Ваўкавыскага раёна судзяць за разгалашэнне службовай таямніцы

Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай таямніцы. Закрыты суд па ч. 1 арт. 375 КК над Уладзімірам Кісялёвым пачнецца 24 лютага 2025 года ў Гродзенскім абласным судзе. Што за таямніца і каму яе раскрыў Кісялёў — невядома.

Владимир Киселев. Фото: "Наш Час"
Уладзімір Кісялёў. Фота: «Наш Час»

Сыркі «Малочнага Міру» не спадабаліся МАРГ — там знайшлі прапаганду нацызму

«Малочны Мір» абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ведамства ўбачыла ў сырках прапаганду нацызму. Выраб сыркоў серыі «Деѕѕерт» спынілі.

сырки с нацизмом
Пост прэс-службы МАРГ у Telegram

Прапагандысцкія фільмы б’юць рэкорды па праглядах у кіно? Так кажуць чыноўнікі ў Гродне

Больш за 630 тысяч чалавек наведалі кінатэатры ў Гродзенскай вобласці за 2024 год. Па словах чыноўнікаў, у топы праглядаў патрапіў прапагандысцкі фільм пра дзяржаўныя сімвалы «Культурны код» і ваенная драма «Час вярнуцца».