Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы ў лістападзе 2023 года. Тады варшаўская пракуратура распачала справу за давядзенне да самагубства. Аказалася, справу закрылі ў тым жа годзе. Пра гэта рэдакцыя Hrodna.life даведалася з адказу пракуратуры.

«Падчас расследавання не было ўстаноўлена, што хто-небудзь спрыяў смерці нябожчыка», — сказаў прэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Варшаве Пётр Скіба.

Таму справу па арт.151 КК Польшчы «Давядзенне да самагубства» закрылі 7 снежня 2023 года — у сувязі з адсутнасцю складу забароненага дзеяння. Пракурор раённай пракуратуры Варшавы-Урсынув ў Варшаве зацвердзіў рашэнне.

Кірылу Кетурку было 19 гадоў, калі ён збег ад узмацнення жорсткасці «хатняй хіміі» ў Беларусі, якую ён атрымаў за ўдзел у пратэстах-2020.

Хлопец жыў у Варшаве і трапіў у цэнтр утрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы за махлярства. Гродзенцу пагражала ад 6 месяцаў да 8 гадоў пазбаўлення волі. Знаёмыя хлопца назвалі яго «пешкай» у гэтай справе. У СІЗА раніцай 20 кастрычніка яго знайшлі павешаным. Праз месяц польская турэмная служба паведаміла, што не знайшла парушэнняў у дзеяннях персаналу.